Аб'ектыў 15.04.2017 Дашкевіча і Пальчэўскага напярэдадні Вялікадня адпусцілі дадому




Хай і з падпіскаю аб нявыездзе, але на свабодзе. Двух фігурантаў нашумелай «справы патрыётаў», Змітра Дашкевіча і Сяргея Пальчэўскага вызвалілі са следчага ізалятару. Што гэта – нягеглая спроба згуляць у літасцівую дзяржаву напярэдадні аднаго з галоўных хрысціянскіх святаў або папросту развальванне сфабрыкаванай крымінальнай справы? Валеры Руселік.

Свята Хрыстовага Уваскрашэння Зміцер Дашкевіч і Сяргей Пальчэўскі сустрэнуць ўсё ж дома, з сем’ямі. «Маладафронтаўцаў», якія праходзяць паводле гэтак званай «справы патрыётаў», сёння вызвалілі з СІЗА:

«Гэты арышт – гэта помста Лукашэнкі за той грамадскі супраціў, які мы назіралі ўвесну 2017-га. У маім асабістым выпадку і выпадку сябраў «Маладога фронту» – гэта, мажліва, яшчэ і помста за Курапаты, за дзейнасць, якую мы там разгарнулі са сцягам ды з подпісамі».

А таксама – наданне большага рэзанансу сфабрыкаванай спецслужбамі «справе патрыётаў», паводле якой праходзяць больш за тры дзясяткі чалавек, найперш – былыя чальцы няіснай сёння арганізацыі «Белы легіён», абвінавачаныя ў стварэнні ўзброеных фармаванняў.

«Няма аніякай фактуры ані на маладафронтаўцаў, ані на прадстаўнікоў «Белага легіёну». Выдуманы джып, матэрыялізаваны на «нейтралцы», узламаны акаўнт Лазоўскага і фэйкавая заява пра «патопім у крыві», ідыёцкая арматура, закапаная пад Асіповічамі а-ля пацукі з 2006-га – усё гэта сведчыць пра тое, што не было і няма аніякай фактуры на тых людзей, якія працягваюць сядзець у турмах», – кажа Зміцер.

Між тым абвінавачанне ў рыхтаванні масавых закалотаў з актывіста не знятае. І пагатоў пакуль ён быў за кратамі, над ім адбыўся яшчэ адзін суд за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу ў Курапатах. Аднак надзеі на лепшае сям’я Дашкевічаў не губляе і складаць рукі не збіраецца.

Наста Дашкевіч, жонка Змітра:

«Я вельмі спадзяюся, што можа яшчэ зʼявяцца людзі, якія выйдуць. Тыя людзі, каторым вырашаць змяніць меру стрымання. Я вельмі спадзяюся, што справа развальваецца, таму што, безумоўна, аніякай фактуры па ёй няма. І гэта мы бачым па тых сюжэтах Белтэлерадыёкампаніі – ёсць толькі прапаганда».

Падтрымаць жа тых, хто ўсцяж застаецца за кратамі, можа кожны з нас. Апроч збору сродкаў на падтрыманне палітвязняў ды іхных блізкіх, грамадскія актывісты заклікаюць дасылаць лісты і паштоўкі рэпрэсаваным.

Павал Севярынец, лідар патрыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя:

«Тыя людзі, якія найбольш маюць патрэбу ў словах падтрымання цяпер – гэта, канешне, фігуранты сфабрыкаванай «справы патрыётаў». Гэта людзі, «віна» якіх у тым, што яны гатовыя абараняць сваю краіну і ў тым, што яны любяць Беларусь – і зараз гэтыя людзі за кратамі».

Лісты і паштоўкі закратаваным патрыётам трэба дасылаць у СІЗА КДБ і СІЗА-1 на Валадарскага ў Менску.

Куды пісаць:

220050, МЕНСК, ГАЛОЎПАШТАМТ А/С 8, СІЗА КДБ

220050, МЕНСК, ВАЛАДАРСКАГА 2, СІЗА-1.

 

Глядзі таксама
Каментары