Дашкевіч: Не было б Слуцкага збройнага чыну – не было б нашай дзяржавы


Наш відэарэпартаж з угодак Слуцкага збройнага чыну.

96 гадоў таму на Случчыне, абаранялі незалежнасць Беларусі. Сёння ў Слуцку, як і штогод, пад бел-чырвона-белымі сцягамі дэмакратычныя актывісты аддалі пашану героям Слуцкага збройнага чыну.

«Яны пайшлі на смерць, загадзя ведаючы, што іх забюць. У іх фактычна не было шанцаў. Гэта нашыя 300 спартанцаў», – кажа актывіст БНФ са Слуцку Віталь Амяльковіч.

І хоць добраахвотнікаў было не трыста, а каля чатырох тысяч (гісторыкі падаюць розныя лічбы), іх колькасць не магла нават блізка параўнацца з савецкім войскам, супраць якога яны спрабавалі паўстаць. Нягледзячы на гэта, супрацьстаянне доўжылася амаль месяц. І той месяц дагэтуль не дае спакою расейскім прапагандыстам – у праграме «Время покажет» на «1-м канале» працытавалі беларускага гісторыка Ніну Стужынскую, якая пісала пра збор подпісаў за перайменаванне адной са слуцкіх вуліцаў у гонар паўстанцаў. І абрынуліся з крытыкай.

Глядзіце таксама >>> Фотарэпартаж з гадавіны Слуцкага збройнага чыну

А для тых, хто сёння наведаў гістарычныя месцы, удзельнікі Слуцкага паўстання – адназначна героі, годныя быць прыкладам.

На месцы Слуцкага збройнага чыну ў яго гадавіну традыцыйна прымаюць прысягу новыя «маладафронтаўцы».

«Я перакананы што гераічны вычын герояў Слуцкага збройнага чыну даў нам магчымасць жыць у незалежнай дзяржаве. Няхай яе яшчэ трэба дабудоўваць, фармаваць і гэтак далей, але не было б герояў Слуцкага збройнага чыну – не было б і нашай дзяржавы», – мяркуе лідар «Маладога фронту» Зміцер Дашкевіч.

Пры гэтым памятнага знаку на месцы гістарычнага змагання дагэтуль няма. Група актывістаў распачала 2-месячны збор подпісаў пад прапановаю да ўладаў усталяваць помнік.

«Вельмі дзіўна, што ёсць помнік слуцкім паўстанцам у Нямеччыне, што ёсць дом адпачынку, прысвечаны паўстанцам Слуцкага збройнага чыну ў Канадзе, але ў Слуцку ўлады не робяць нічога, каб людзі ведалі, што случчакі калісьці моцна змагаліся за нашую зямлю», – кажа ініцыятарка ўсталявання помніку ў Слуцку Аліна Нагорная.

Акцыя памяці прайшла з дазволу ўладаў: гэта адное з нешматлікіх мерапрыемстваў з удзелам апазіцыянераў, якому традыцыйна не перашкаджаюць міліцыянты. Праўда, пра тутэйшых герояў, што пайшлі паміраць за Беларусь, афіцыйна чыноўнікі не згадваюць.

Марына Вашкевіч, belsat.eu