«Дармаеды»: новыя пратэсты ў Гомлі і першая перамога


Паседжанне суда Цэнтральнага раёну Гомля магло стацца перамогаю правасуддзя, але скончылася нічым. Суддзя адмовіўся разглядаць справу пазоўніка Аляксандра Сямёнава аб прызнанні дэкрэту нумар тры «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства» неканстытуцыйным. Прычына – праз «непадведамаснасць».

Падтрымаць гомельца на сённяшні працэс прыйшлі з дзвесце чалавек, якія патрабавалі адмяніць падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам закон.

«Я жыву на хлебе і вадзе, а яны жыруюць».

«У Маскве кажуць, што беларусы – гэта тыя самыя таджыкі. Бо працуюць за капейкі, бо няма куды падзецца ўжо»

– абураюцца гомельцы.

Падатковая пайшла на саступкі?

Аляксандр Сямёнаў патрабаваў ад падатковай інспекцыі вызваліць яго ад аплаты за гэтак званае дармаедства. Бо ў 2015-ым годзе ён і без таго браў удзел у фінансаванні дзяржаўных выдаткаў.

Напярэдадні стала вядома, што 53-охгадовага гомельца ў пазасудовым парадку вызвалілі ад павіннасці. І нават запрапанавалі працу вартаўніком у адной з арганізацыяў.

Дзяржаўным тэлеканалам былі не рады

На сённяшняе паседжанне прыйшлі не толькі тыя, хто выступае за адмену нашумелага дэкрэту, але і здымачная група тэлеканалу «Беларусь 4». Пратэстоўцы паставілі ім у прыклад іншых журналістаў, якія не праігнаравалі шматтысячнага маршу недармаедаў, што прайшоў у Гомлі 19-га лютага.

Усяго ж падатковыя органы разаслалі беларусам 470 тысячаў гэтак званых «лістоў шчасця». Але сплацілі падатак менш як 55-ць тысячаў асобаў, праз што бюджэт папоўніўся на крыху больш за 16-ць мільёнаў рублёў – у 10 разоў менш, чымся планавалі ўлады.

Віталь Бабін, «Белсат», фота: БелаПАН