Дармаедскі падатак: пачаліся стыхійныя мітынгі


«Больш маўчаць не збіраемся! Усіх не перасаджае!». Такія словы гучалі сёння падчас стыхійнага пратэсту супраць дэкрэту аб «дармаедах» на Гомельшчыне. Падобная акцыя прайшла і на Берасцейшчыне. Людзі ў адчаі, бо і хацелі б працаваць, але няма дзе. Тым часам у беларускай сталіцы актывісты прынеслі незвычайны кулінарны прэзент для ўладаў.

Суп-тухляк пад самымі дзвярыма Міністэрства па падатках і зборах

Гэтак выглядала акцыя пратэсту ў Менску супраць падатку гэтак званых дармаедаў. Паводле арганізатараў, страва з ашмётак, лупінаў і абʼедзеных костак была адрасаваная кіраўніцтву краіны ад беларускага народу.

«Каб пабачылі і задумаліся, што яны тут дзеля народа сядзяць па дваццаць гадоў. У іх мазгі тлушчам заплылі. Людзі скочваюць жыццё самагубствам ад іх указаў, ад іхнай бяздарнай палітыкі», – кажа арганізатарка акцыі Вольга Нікалайчык.

Зборам подпісаў цікавілася міліцыя, намякаючы на праблемы

Па-іншаму праходзіў збор подпісаў за адмену дэкрэту № 3 у мястэчку Пружаны, што на Берасцейшчыне. Вулічную імпрэзу ініцыявалі актывісты Абʼяднанай грамадзянскай партыі. З іх словаў, вынікі аказаліся нечаканасцю.

«Я браў з сабой падпісныя лісты прыкладна на 200 подпісаў. Цяпер выкарыстоўваю ўжо звычайную паперу, бо наляцелі ды запоўнілі. Незадаволеныя ўсе», – зазначае актывіст Аляксандр Кабанаў.

Зборам цікавілася міліцыя, намякаючы на імаверныя непрыемныя наступствы. Аднак гэта не паўплывала на змену настрояў у Пружанах. Жыхары мястэчка адкрыта казалі, што даўно кінутыя самыя сабе, а дэкрэт аб утрыманстве забірае самае апошняе.

«У Пружанскім раёне вельмі кепска з працай: ні ў калхозы не бяруць, нікуды».

«У мяне два сыны інваліды. Я маю каго ўтрымліваць, акрамя дзяржавы, якая ў нічым мне не дапамагла».

«У нас у горадзе 2 палацы і ніводнага прадпрыемства. Дзе працаваць?»

– скардзяцца жыхары Пружанаў.

Абураліся людзі і на стыхійным мітынгу ў вёсцы Ведрыч, на Гомельшчыне

Абураныя людзі патрабуюць адмены дэкрэту на дармаедства. На паўтысячы жыхароў селішча «лісты шчасця» атрымалі каля ста трыццаці асобаў. Усе яны лічаць сябе пакрыўджанымі дзяржаваю.

«Людзі трапляюць пад скарачэнне, а ім штраф плаціць. За што плаціць?».

«Я разумею так: дайце чалавеку працу, а калі ён не захоча працаваць, вось тады і абкладайце падаткамі».

– выказваюцца вяскоўцы з Ведрыч

Пакуль беларусы збіраюцца пратэставаць, улады забараняюць сходы

Адначасова ў шэрагу беларускіх гарадоў і мястэчак у лютым і сакавіку плануецца правесці акцыі нязгоды. У адпаведныя органы падаюцца заяўкі. Ужо сёння вядома, што марш не дазволілі ў Горадні. Мясцовыя ўлады патлумачылі адмову тым, што на заяўленых месцах правядзенне масавых мерапрыемстваў не дапускаецца.

Беларусы пакуль не спяшаюцца плаціць падатак на «дармаедства»

Вядома, што падаткавікі накіравалі «лісты шчасця да прыблізна чатырохсот сямідзесяці тысячаў грамадзянаў. Толькі дзесяць адсоткаў адрасатаў пагасілі спагнанні.

Ян Бабіцкі, «Белсат»