«Дармаед», у якога адабралі дачку: «Маё дзіцё ў закладніках, а я раб»


Гэта ён ратаваў вядомага блогера Максіма Філіповіча ад міліцыі на акцыі ў Пінску. Руслан Гусейнаў браў актыўны ўдзел у вясновых акцыях недармаедаў, заплаціў штраф. Менавіта за гэта, упэўнены ён, улады ціснуць на яго праз органы апекі.

«Каб адпомсціць, прыдавіць, прыдушыць, вырашылі ў маёй былой жонкі забраць дзіцёнка, ёй 6 гадоў», – абураецца Руслан.

Дачка Мілана цяпер у дзіцячым прытулку

Паводле службаў апекі, маці нібыта кінула дзяўчынку, яна тры дні адсутнічала дома. У хаце, як апісваецца ў афіцыйных дакументах праверкі, былі брудныя цацкі ды нямыты посуд. Чаму ж дачку не можа забраць бацька? Паводле працаўнікоў сацыяльна-педагагічнага цэнтру, ніякага палітычнага складніка ў прэтэнзіях да бацькі няма – ён проста мусіць дакументальна даказаць сталы прыбытак.

«Абсалютна ніякай палітыкі і размовы няма. Пытанне толькі – абарудаванае месца для дзіцяці, харчаванне, адзенне, вугалок дзіцячы гульнявы, акрамя гэтых пытанняў, ніякіх другіх пытанняў не вядзецца», – пераконвае сацыяльны педагог Святлана Дзімітракі.

Руслан Гусейнаў пачаў працаваць у швейным атэлье краўцом

Бацька Міланы цвердзіць, што пры гэтым сацыяльныя службы маюць прэтэнзіі і да графіку работы: маўляў, нязручны, каб забраць дзіця з садка. Гусейнаў наведвае дачку штодзень. І калі шматлікія праверкі ў ягонай кватэры чапляюцца, на думку Гусейнава, да дробязяў, то і бацька, у сваю чаргу, мае пытанні да ўмоваў у прытулку. Ён хвалюецца, што дзіцяці не хапае харчавання, а нядаўна заўважыў у яе на лобе гузак.

«Маё дзіцё ў закладніках, а я раб»

Пінчук падазрае, што нават пры наяўнасці ў яго стабільнай працы дачку могуць трымаць у прытулку даўжэй. Да таго ж каб забраць дзіця, трэба выплаціць усе кошты за ўтрыманне ва ўстанове.

«Гэта на сённяшні дзень мінімум паўтара мільёна. То бок гэта другі месяц ужо, мне трэба заплаціць тры мільёны. Атрымліваецца, што маё дзіцё ў закладніках, а я раб»

Пакуль справа Руслана і ягонай дачкі Міланы фактычна стаіць на месцы. Але гэтая сямʼя не застанецца з праблемаю сам-насам. Словы падтрымання для іх гучаць як у сеціве, гэтак і ў гарадской прасторы. Акцыю супраць дзяцей, як закладнікаў у палітычнай барацьбе, зладзілі берасцейскія анархісты.

Таццяна Рэут, «Белсат»