Данбас усё. Расея спыніла фінансаванне сепаратыстаў


Менш чым праз паўтара года гэтыя фуры замест Данбасу могуць перанакіраваць у Крым. Не даслоўна, а ў выглядзе пераразмеркавання бюджэтных выдаткаў Расейскай Федэрацыі.

Пра тое, што сепаратысцкія ЛНР і ДНР могуць пазбавіцца гэтак званай «гуманітарнай дапамогі», стала вядома выданню РБК ад крыніц, блізкіх да Крамля. Міністэрству фінансаў было даручана выключыць з бюджэту на 2018-2020 гады выдаткі на, цытата, «аказанне гуманітарнага падтрымання асобным тэрыторыям». Пад гэтым тэрмінам, хутчэй за ўсё, маюцца на ўвазе менавіта сепаратысцкія рэспублікі на ўсходзе Украіны.

У адказ на расследаванне РБК прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна заявіў, што «клапаціцца» пра жыхароў ДНР і ЛНР будуць і далей.

«Гаворкі пра тое, каб Расея адмовілася ад гуманітарнай дапамогі жыхарам Данбасу, быць не можа. Пра гэта не вядзецца і не будзе весціся… Там ідзе пэўнае пераразмеркаванне, але разам з тым гэта не азначае, што будзе скарачэнне пэўных кірункаў на карысць нейкіх там», – патлумачыў прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў.

Афіцыйна ўся інфармацыя аб расейскай дапамозе засакрэчаная

Са звестак МНС вядома, што з 2014-га году з Расеі на Данбас сышлі 68 гуманітарных канвояў. Але гэта толькі частка. Паводле інфармацыі нямецкага выдання «Bild», штогод на выплаты заробкаў і пенсіяў жыхарам ЛНР і ДНР можа ісці каля € 1 млрд. Акрамя гэтага – бясплатныя шматмільённыя пастаўкі газу і электрычнасці.

«Ідуць пастаўкі бензіну-саляркі бязвыплатна, нейкія нафтавыя кампаніі адгружаюць (…) Думаю, што нейкая ваенная дапамога можа ісці, я не сумняваюся, што там могуць быць расейскія вайскоўцы. Не ведаю, колькі іх там, але па меншай меры, разведка, там прысутнічае. Таму так, гэта велізарныя грошы», – зазначыў «Белсату» расейскі палітык Уладзімір Рыжкоў.

Велізарныя грошы льюцца і ў Крым

А трэба яшчэ больш. Паводле дакументаў у распараджэнні журналістаў «РБК», на абнаўленне інфраструктуры Крыму – рамонты аўтадарог, рэканструкцыю водаправодаў – патрэбныя дадатковыя $ 1,5 млрд у бліжэйшыя тры гады. Пры гэтым эканоміка Крыму стратная, вельмі адчувальны дэфіцыт электрычнасці і вады.

Для Крамля развіццё Крыму – гэта іміджавае пытанне

Інакш анексія паўвостраву была правалам. А вось ва ўтрыманні Данецкай і Луганскай вобласцяў, упэўнены Ленур Керымаў, Расея ў цэлым не зацікаўленая. А зацікаўленая не даць развівацца Украіне, захоўваючы напружанасць на Данбасе.

Але «неафіцыйная» адказнасць за ўсе дэстабілізаваныя пры ўдзеле Расеі рэгіёны – Данбас, Абхазію, Прыднястроўе – застаецца.

Таццяна Рэут, «Белсат», фота: Pavel Rebrov / Reuters / Forum