Дамовы па расейскім газе: беларуская фіксаваная цана можа стацца яшчэ менш выгаднай


Добрая міна пры дрэннай гульні – гэтак эксперты ацанілі пампезную справаздачу ўладаў Беларусі аб перамозе ў газавым канфлікце з Крамлём. Маўляў, дасягнулі, чаго хацелі, хоць і з пэўным кампрамісам. Аднак, як стала вядома, зніжку на блакітнае паліва для Беларусі цяжка назваць нават сімвалічнаю. Бо далёкі партнёр Расеі – Берлін – плаціць не на шмат даражэй.

Зніжку на газ атрымалі. Але нязначную, менш за 10 адсоткаў, і пакуль толькі на два гады. Віцэ-прэмʼер Уладзімір Сямашка ў эфіры «Беларусь-1» распавёў пра дамову з «Газпромам»: у 2018-м годзе 1000 кубаметраў газу будзе каштаваць нашай краіне 129 долараў, у 2019-м – у 127. Сямашка падкрэсліў, што цана будзе фіксаваная, незалежна ад сусветнай паліўнай канʼюнктуры.

«Калі б усё заставалася так, як да пачатку перамоваў, то кошт быў бы пад 150 долараў, таму гэтая зніжка істотная», – адзначыў ён.

Але вагацца сусветныя кошты могуць і ў бок паніжэння, а значыць, беларуская фіксаваная цана можа стацца яшчэ менш выгаднай. Тым часам і пры цяперашніх умовах розніца з некаторымі заходнімі краінамі невялікая. Да прыкладу, паводле падлікаў выдання РБК, кошт для Нямеччыны летась быў $ 142,5 за 1000 кубаметраў. Беларусь жа, паводле «Газпрому», пачала год з тарыфу 141 долар. Але і фінальныя дамоўленасці вялікім прагрэсам не выглядаюць ды не дапамогуць крызісным беларускім прадпрыемствам, мяркуе аглядальніца Таццяна Каліноўская.

«Сямашка Уладзімір наш Ільіч неаднаразова казаў, што нам камфортным быў бы кошт каля 80 долараў. Так што праблемы неэфектыўнай беларускай эканомікі кошт 129 не вырашае. Усё роўна трэба рабіць рэформы», – кажа эксперт.

Пакуль жа ўлады Беларусі сфакусаваныя не на мадэрнізацыі эканомікі, а менавіта на збіццё коштаў на газ да ўнутрырасейскіх. І нібыта ў 2025 годзе ў межах ЕАЭС мае паўстаць адзіны газавы рынак. Аднак паводле Віталя Цыганкова, афіцыйны Менск гэтай роўнасці не дачакаецца або заплоціць за яе вельмі дорага.

«Калі чарговы раз падыдзе фінальная кропка перамоваў да адзінага рынку па газе, зноў будзе тое самае карэннае несупадзенне інтарэсаў, паколькі Беларусь як незалежная краіна хоча атрымліваць газ, як нейкі рэгіён Расейскай Федэрацыі. І зноў расейскія палітыкі ў той ці іншай ступені скажуць: то вы вызначайцеся, ці вы рэгіён, ці вы незалежная краіна», – кажа Віталь Цыганкоў.

Пры гэтым у Беларусі амаль няма поля для манеўраў пры імпарце блакітнага паліва, бо ўся газатранспартавая сістэма ў нашай краіне належыць таму ж «Газпрому». То бок нават калі набыць газ не ў Расеі, то як даставіць у Беларусь? У 2011-м годзе «Белтрансгаз» цалкам перайшоў ва ўласнасць расейскай кампаніі.

Тады гэта было зроблена ўзамен той самай зніжкі на газ, за якую амаль беспаспяхова Лукашэнка і ўрад Беларусі зноў змагаліся ўвесь мінулы год. Узнаўлення барацьбы за чарговыя саступкі ад Масквы варта чакаць ужо праз два гады.

Таццяна Рэут belsat.eu