Аб'ектыў 14.09.2017 Даішнік хавае віну за жорсткую аварыю з матыцыклістам


Жыхар вёскі Хальч Веткаўскага раёну Міхаіл Чарноў ехаў на абед з працы на новым матацыкле. Кажа, пасля пакупкі матацыклу прайшло не больш за два тыдні, і таму ён быў без нумароў. Тое, што гэтак ён парушаў правілы дарожнага руху, Чарноў прызнае, але дзеянні працаўніка веткаўскага ДАІ інспектара Юрыя Гірыкава ацэньвае як стварэнне аварыйнай сітуацыі.

«Інспектар ДАІ адмовіўся прадэманстраваць відэа і сведкі ўвогуле цвердзяць, што рэгістратар у яго быў выключаны», – зазначыў Міхаіл Чарноў.

Паводле працаўніка міліцыі, сам Чарноў не справіўся з кіраваннем

Пры гэтым у пратаколе інспектар не напісаў, што падрэзаў матацыкліста. Каб не сутыкнуцца з аўтамабілем ДАІ, Чарноў быў вымушаны з’ехаць з дарогі. Удар прыйшоўся на спіну, у выніку ён атрымаў траўмы рукі і нагі, а таксама пералом лапаткі. Пры гэтым уся медычная дапамога ад інспектара была ў тым, што той зняў з яго шлем, кажа Чарноў.

«Шлем мусяць зняць пасля аварыі ў матацыкліста, але ён проста зняў шлем і проста паклаў маю галаву на асфальт, ужо пасля мінакі паклалі нейкую хустку пад галаву, вось і ўся медычная дапамога, якую аказалі на месцы», – скардзіцца Міхаіл.

Сведкі на баку пацярпелага

Паводле відавочцаў здарэння, неабходнасці ў брутальным затрыманні матацыкліста не было. Ён ехаў павольна. Так, не адрэагаваў на міліцэйскую сірэну, бо не чуў. Але ж інспектар не папярэджваў, што будуць ужывацца якія-кольвек спецсродкі.

«Матацыкліст ехаў ціха, не бачна што быў п’яны. Даішнік у рупар нічога не казаў, толькі была сірэна», – узгадвае сведка ДТЗ.

У выніку пацярпелы Чарноў яшчэ будзе вымушаны і заплаціць

Грошы прыйдзецца аддаць за стаянку матацыкла, які застаецца каля Веткаўскай міліцыі.

Паразмаўляўшы з жыхарамі Веткі Гомельскай вобласці, «Белсат» не пачуў добрых словаў на адрас мясцовых міліцыянтаў. Прэтэнзіяў з боку мясцовых жыхароў да раённых сілавікоў вельмі шмат.

«Яны не выконваюць свае абавязкі. Можа быць багамі адчуваюць сябе».

«Не давяраем, бо трэба слушна ўсё рабіць».

«Міліцыі я не давяраю, менавіта Веткаўскай. Веткаўская міліцыя, я не ведаю, ці яны ўвогуле працуюць і ці даюць нам нейкую абарону».

– мяркуюць мясцовыя.

Найбліжэйшым часам Міхаіл Чарноў плануе падаваць заяву аб тым, што працаўнік ДАІ справакаваў ДТЗ. Ад самой міліцыі ўжо амаль месяц ён не атрымлівае ніякай інфармацыі пра тое, як ідзе разбіральніцтва справы.

Аркадзь Несцярэнка, «Белсат», фота: Viktor Drachev / TASS / Forum

Глядзі таксама
Каментары