У Віцебску робяць марожанае на патэльні


Мы паназіралі за тым, як у Віцебску вырабляюць унікальнае экалагічнае марозіва – без аніякай хіміі, а толькі з натуральных прадуктаў. Як выглядае працэс вырабу прадукцыі, запатрабаванай у летнія, спякотныя дні – глядзіце ў рэпартажы Міхася Ільіна.

Марозіва з пазнакай «эка» вырабляе гаспадар аграсядзібы «Фазэнда Мікалаева», бізнесовец Ігар Абадоўскі. Ён прывёз гэтую тэхналогію з Масквы чатыры гады таму і быў першым у Беларусі, хто яе ўжыў.

«У прынцыпе – усё: нашае марозіва гатовае. Без малака і вяршкоў, толькі свежая садавіна і трошкі цукровага сіропу, – кажа прадпрымальнік. – Асаблівасць гэтага марозіва ў тым, што яго прадукуюць не на фабрыцы, а гэта ручная праца. І мы гатуем кожную порцыю пры кліенце. Кліент бачыць, што ён будзе есці, і гэта вельмі зацікаўлівае людзей».

Абсталяванне для вытворчасці марозіва нагадвае патэльню. Вось толькі «патэльня» гэтая – халодная. Тэмпература на яе паверхні – мінус 32 градусы.

Тэхналогія дазваляе зрабіць марозіва амаль з любым смакам.

«Усё па жаданні замоўцы. Галоўная аснова – гэта банан, а садавіну можна дадаць якую заўгодна. Можна дадаць якую заўгодна гародніну, усё, што перамеле блэндар, і з гэтага зрабіць марозіва», – працягвае Абадоўскі.

Сябры, якія прадалі Ігару франшызу, прыдумлялі рэцэпт тры месяцы. Яны па-рознаму эксперыментавалі з садавіною, пакуль не зразумелі, як зрабіць прадукт без малака, але і смачны.

Наведнікі «Фазэнды Мікалаева», з якімі паразмаўляў «Белсат», ацэньваюць марозіва як «незвычайнае», «не тлустае» і «вельмі смачнае».

За чатыры гады продаж марозіва акупіў абсталяванне і нават прыносіць прыбытак. Але прадпрымальнік прызнаецца, што гэты занятак больш для душы.

«Зарабляем тым, што пабудавалі з братам аграсядзібу. Менавіта яна прыносіць асноўны прыбытак у сямейны бюджэт. А марозіва – гэта больш хобі, якім падабаецца займацца летам», – дадае Абадоўскі.

Але самае любімае хобі Ігара – вандроўкі. Падчас іх можна спазнаваць свет, вучыцца ў іншых краінах чаму-небудзь новаму і прывозіць у Беларусь цікавыя распрацоўкі. Усё дзеля таго, каб тут паляпшаць жыццё.

Міхась Ільін; фота – Дзмітрый Феакцістаў/TASS/Forum