Комплексная праверка боегатовасці Узброеных сілаў. У Беларусі масава прызываюць у войска рэзервістаў. Толькі ў Менску за содні ў ваенкаматы паклікалі больш за 300 чалавек.
Агулам плануюць прызваць 2 000 рэзервістаў. Для ваеннаабавязаных гэтыя захады сталіся сюрпрызам. Некаторыя нават не паспелі ўзяць з сабою неабходных рэчаў, бо іх прызвалі проста з працоўных месцаў.
Робяць гэта на выпадак узброенага канфлікту. Таксама рэзервістам важна азнаёміцца з новаю тэхнікай, якая ёсць у беларускім войску.
Старшыня Рады бяспекі Беларусі заявіў, што комплексная праверка Узброеных сілаў адбываецца згодна з той ваенна-палітычнай сітуацыяй, у якой перабывае краіна. «Мы мусім трымаць порах сухім», – кажа Станіслаў Зась.
Улады Беларусі шмат кажуць пра важнасць нацыянальнай бяспекі ды абароны, хоць гэты пункт і не самы вялікі ў бюджэце краіны: мы выдаткоўваем менш, чым паўтарамільённая Эстонія! У той жа час побач з Беларуссю ёсць добрыя прыклады таго, што войску трэба надаваць вялікую ўвагу.
«Януковіч увёў прафесійную армію, але калі выявілася патрэба разгарнуць сілы для абароны ўсёй краіны, аказалася, што і ваенкаматы распушчаныя, і зборныя пункты распушчаныя, і палігонны фонд, і казарменны фонд – усё гэта перастала функцыянаваць. Таму пытанне ў тым, што калі армія збіраецца абараняць сваю Радзіму ад агрэсара, прафесійнага войска недастаткова», – тлумачыць вайсковы аглядальнік Аляксандр Алесін.
Паводле экспертаў, раптоўныя праверкі боегатовасці Узброеных сілаў мусяць адбывацца на рэгулярнай аснове. А поспех гэткіх збораў і комплексных правяранняў залежыць у першую чаргу ад арганізаванасці. Але пакуль менавіта да арганізаванасці ў войску і ўзнікае больш за ўсё пытанняў.
Зміцер Міцкевіч, «Белсат», фота: Viktor Drachev / TASS / Forum