Да 1 траўня працаваць мусяць усе! Як выконваецца загад Лукашэнкі?


У рамках выканання даручэння Лукашэнкі па працаўладкаванні да 1-га траўня ўсіх беспрацоўных, усе раёны Менску праводзяць кірмашы працы апошні месяц кожны тыдзень.

Кірмаш Ленінскага раёну, які прайшоў сёння ў Інстытуце прадпрымальніцкай дзейнасці, сабраў 27 наймальнікаў – ад больніцаў, жэсаў ды міліцыі, да дзяржаўных заводаў ды мабільных аператараў.

«На сённяшні дзень запатрабаваныя прадаўцы, кухары, афіцыянты, бармены. Калі браць прамысловасць, то гэта рабочыя розных спецыяльнасцяў, але высокакваліфікаваныя, то бок – высокі клас», – звяртае ўвагу арганізатар кірмашу працы ў Магілёве.

Кваліфікаваная працоўная сіла – рэдкасць

Наймальнікі прызнаюць, што адмыслоўцаў высокага профілю на кірмашы працы яны сустрэць не вельмі спадзяюцца.

«На сённяшні дзень, партрэт беспрацоўнага гэта – мужчынскі твар, 30-45 гадоў з сярэдняй, сярэдне-спецыяльнай адукацыяй», – дзеліцца досведам арганізатар кірмашу працы ў Магілёве.

Беспрацоўныя расчароўваюцца

Звычайныя беспрацоўныя, з якімі пагаварылі нашыя журналісты ў Магілёве, сыходзілі з мерапрыемства, збольшага, расчараваныя.

«Адныя абяцанні. Я працу шукаю ўжо больш за два гады, і заўсёды прыязджаеш, запаўняеш анкету, запісваюць, а выніку ніякага няма».

«Я думаю хоць бы адно месца маё вызваліцца. Як бы павіны пенсіянераў скараціць, не працягваць кантракты з імі».

«Што, мне ісці красці? Я б ужо гэты год апошні неяк дажыў. Паеду тады можа на Расею з братам».

«Чакаю абяцаных $ 500».

– кажуць магілёўцы.

$ 500 долараў сярэдняга заробку, то бок – Br 1000 на месяц Аляксандр Лукашэнка абяцаў ужо па выніках гэтага году.

Аднак на сённяшні дзень вакансіі, даступныя для большасці звычайных беспрацоўных, – на заводзе ці ў ЖЭСе, ацэньваюць штодзённую васьмігадзінную працу ў пяць разоў ніжэй.

Станіслаў Івашкевіч, Менск