Cуды за Першамайскія пратэсты: лідарам – содні, актывістам – штрафы


15 содняў атрымаў сябра «Еўрапейскай Беларусі» Максім Вінярскі

Суддзя Цэнтральнага раёну Менску Міхаіл Хома прызнаў актывіста вінаватым ува ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі, якая прайшла ўчора ў сталіцы з нагоды Свята працы.

У якасці сведкаў у судзе выступілі міліцыянты. Паводле іх, Вінярскі выкрыкваў лозунгі «Жыве Беларусь!» і «Баста!». Адразу пасля вынясення судовага рашэння актывіст абвесціў галадаванне.

«Мы пабачылі дзяжурных сведкаў, якія нічога ўцямнага сказаць не могуць. Мы пабачылі парушэнні ў афармленні пратаколаў. Гэта тыпова. Даволі часта пратаколы складаюць людзі, якія не прысутнічалі, не ведалі і не бачылі», – абуралася Алена Церашкова, сястра Максіма Вінярскага.

Судзілі сёння сустаршыню БХД Паўла Севярынца

Яго прызналі вінаватым ува ўдзеле ў несанкцыянаваных акцыях 1-га траўня ў цэнтры Менску і 3-га сакавіка ў Курапатах.

«Гэта выглядае як помста. Рэжым хацеў каб учора сабралася пару дзясяткаў чалавек, патусаваліся на пустой плошчы і разышліся. Тое, што там сабраліся сотні людзей, гэта вельмі раздражніла. Яны зразумелі, што вясна не скончылася», – зазначыў спадар Севярынец.

Суддзя Вікторыя Шабуня пакарала палітыка таксама 15 соднямі Арышту.

Паводле назіральнікаў, судовае рашэнне грунтавалася таксама на сведчаннях міліцыянтаў. Аднак у сваіх паказаннях яны блыталіся. Міліцыянты нават не здолелі правільна акрэсліць месца затрымання палітыка.

Які судовы канвеер без незалежных журналістаў?

Сёння ж у Навабеліцкім судзе Гомля разглядалі справу незалежнага журналіста Яўгена Меркіса, якога затрымалі напярэдадні першамайскай акцыі. Здымаць у зале, дзе праходзіла паседжанне, забаранілі. Падтрымаць Яўгена прыйшлі ягоныя сябры ды калегі.

Яўгену Меркісу прысудзілі Br 115 штрафу. Пратакол склалі паводле артыкулу «дробнае хуліганства». Суддзя Сяргей Новікаў вынес рашэнне выключна на падставе сведчанняў міліцыянтаў. Амапаўцы цвердзілі, што незалежны журналіст лаяўся матам. Сам Меркіс мяркуе, што ягонае затрыманне напярэдадні акцыі – гэта нішто іншае, як ізаляцыя. Аднак яна, на думку журналіста, не прынесла жаданых вынікаў.

«Ад таго, што мяне затрымалі ўсё роўна колькасць трансляцыяў мітынгу 1 траўня ў Гомлі (які дарэчы быў дазволены) не зменшылася. Цяпер кожны ахвотны можа выйсці са сваім смартфонам і перадаць што адбываецца», – даводзіць Яўген.

На гэтым суды ў Гомлі сёння не скончыліся

У Чыгуначным раённым судзе за зачыненымі дзвярыма разглядалі справу сябра Абʼяднанай грамадзянскай партыі Васіля Палякова. Не зважаючы на тое, што акцыю ў Гомлі дазволілі, актывіст атрымаў 15 содняў арышту.

Сёння ў судзе Маскоўскага раёну Берасця пачаліся суды і над удзельнікамі першамайскай акцыі «чыстых Аркушаў» у Берасці. Аднаго з іх, Уладзіміра Казлоўскага, арыштавалі на 10 содняў. Аляксей Самайлюк атрымаў Br 345 штрафу. Разглядаць іншыя справы на падставе пратаколаў пра ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве працягнуць заўтра.

Ян Бабіцкі, «Белсат»