Чыноўнікі зрабілі інваліда невыязным з уласнага дому


Амаль 30 гадоў таму, у 89-ым, Уладзімір Вялюк атрымаў на працы траўму, якая зрабіла яго інвалідам першай групы. Лёс склаўся так, што ўжо больш за 10 гадоў вазочніку даводзіцца жыць аднаму ў прыватным доме. Аднак калі раней Уладзімір мог неяк радзіць сабе сам, то ў апошнія гады выехаць па-за межы жытла без дапамогі іншых ён не ў стане

Каля дому праклалі новую дарогу

«Было вось – роўненька, а зараз пазамуроўвалі. Прыступкі – каб хадзячыя маглі ўвайсці. А мне – інваліду – куды далей падзецца?», – абураецца Уладзімір.

І ў гэткіх умовах – ужо больш за 2 гады – ані з’ездзіць у краму за хлебам, ані зазірнуць да сяброў. Улетку дапамогуць знаёмыя і родныя. Узімку – горш.

Гэта не адзіныя праблемы, з якімі вымушаны змагацца спадар Вялюк

Увосень і ўвесну гарод каля дарогі затапляюць дажджы, а пітную ваду даводзіцца цягаць з калодзежа – да хаты гэтак і не правялі абяцанага водаправоду. Аднак ці ёсць да гэтага справа дэпутатам, кіраўніцтву сельскага савету ці працаўнікам сацыяльнае службы?

«Ўсё кажуць, што інвалідам дапамагаюць. Хто дапамагае? Ніхто, аніякай дапамогі. Звярталіся ўжо колькі разоў да кіраўніка сельскага савету. «У нас няма сродкаў, у нас няма грошай – мы нічым дапамагчы не можам«. Вось такі адказ быў», – сведчыць спадарыня Рыда, маці Уладзіміра.

Чыноўнікі збягаюць ад праблемы, апазіцыя бярэцца за справу

Афіцыйныя асобы, якія, здавалася б, першымі павінныя развязваць сацыяльныя пытанні, не толькі цураюцца жыхароў, але і пазбягаюць журналістаў. Нашай здымачнай групе адмовілі ў каментары; на тэлефонныя званкі Людміла Саламянюк – старшыня Малецкага сельсавету – таксама не адказвае. Дапамагчы інваліду ўзяліся апазіцыйныя палітыкі.

«Гэты чалавек, інвалід першай групы, павінен з калодзежа ваду цягаць. Хаця 4 гады таму ўжо здаў грошы, каб у хату правялі водаправод. Мы акажам дапамогу – звернемся ад яго імя, пракансультуем, зробім усе неабходныя рэчы ў пісьмовым выглядзе«, – зазначыў Валянцін Лазарэнкаў, чалец Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыя.

Толькі гэтай дапамогі і застаецца чакаць спадару Уладзіміру

«Ужо надакучыла мучыцца проста. Хоць ты вешайся. Ніякіх умоваў, нічога. Ваду абяцалі правесці – не вядуць. Маўляў, у калодзежы ёсць. Гэта добра, што побач хоць маці жыве за 5 кіламетраў, прыедзе да сына. А так – нікому нічога не трэба», – скардзіцца Уладзімір Вялюк.

І пытанне, куды ідуць падаткі беларусаў і чым займаюцца сацыяльныя службы разам з чыноўнікамі, гэтак і застаецца рытарычнае.

Сцяпан Святлоў, «Белсат»