Кватэрны канфлікт хворай кабеты і чыноўнікаў


Барак Ганны Гурынай яшчэ ў 2009-м годзе прызналі непрыдатным для жылля і паводле закону ёй мусілі выдзеліць іншае жытло. Жанчына скардзілася ў розныя інстанцыі.

Цяпер праблема на кантролі ў Адміністрацыі прэзідэнта

«Пракуратура падала іск у дзяржынскі суд, аб прымушэнні Дзяржынскага раёну прадставіць нам жыллё ва ўласнасць. Аднак суд нам у позве адмовіў», – скардзіцца Ганна.

Генпракуратура пацвердзіла, што Ганна мае права на раўназначнае жытло. А суд адмовіў таму, што жанчына патрабавала аддаць ёй кватэру ў мястэчку Энергетыкаў. Дом будаваўся адмыслова для адсялення жыхароў са старога жытла. Сюды адсялілі ўсіх суседзяў Ганны, кватэры якіх не былі прыватызаваныя.

Мы накіраваліся да мясцовых чыноўнікаў

Старшыня сельсавету патлумачыў, што выдаць новую кватэру ва ўласнасць яны не маглі, бо прыватызаваная Ганнай – мае пячное ацяпленне, з выгодамі на вуліцы.

«Ёй маглі даць жыллё толькі такіх самых спажывецкіх якасцяў. А гэтае жыллё з усімі выгодамі, у новым доме. Таму выдаваць ва ўласнасць, прабачце, гэта не справядліва», – тлумачыць чыноўнік Васіль Гаркаўчук.

Старшыня сельсавету падкрэсліў, што жанчыне ўжо прапаноўвалі жыллё з блізкімі якасцямі, але яна адмаўляецца.

«Шмат у вёсках хат, якія ўжо старэнькія, і пакрывіліся, і падвалы паадгнівалі, і таксама яно як бы не прыгоднае для пражывання. Можна зрабіць такую выснову. І тады звяртацца да выканаўчай улады, «дайце мне новае жытло»? Ну мы яшчэ так не багатыя», – даводзиць спадар Гаркаўчук.

Старшыня прапанаваў паехаць паглядзець чарговую хату для жанчыны. Туды ж прыехалі чыноўнікі з Дзяржынскага райвыканкаму.

Ганна і гэтым разам адмовілася

Чыноўнікі абвінавацілі Ганну, што тая сама давяла свой дом да кепскага стану, не рабіла рамонту. Уласніца сцвярджае, што рамантаваць абавязаныя былі камунальнікі, якім яна сплочвала на капітальны рамонт.

Жанчына ўпэўненая, што ўсе прапанаваныя варыянты нічым не адрозніваюцца ад ейнага цяперашняга жытла, і таму сэнсу мяняцца не бачыць. Гэтая кватэра – каля вайсковай часткі за 3 кіламетры ад чыгуначнай станцыі.

«У мяне пазваночная грыжа, хворыя ногі, я пешшу хадзіць адсюль не змагу, я езджу на працу ў Менск на электрычцы на 5 гадзін. І зноў жа, усе кватэры разваленыя, адзіную кватэру зрабілі, каб мне зачыніць рот», – падзялілася з «Белсатам» спадарыня Гурына.

Чыноўнікі патлумачылі, што, калі дадуць лепшую хату, на іх могуць распачаць справу за карупцыю. А іншых дамоў няшмат.

Вольга Чайчыц, Андрусь Козел, «Белсат»