Чыноўнікі распілавалі $ 150 млн бюджэтных сродкаў на стадыёне «Дынама»


Будоўля дзесяцігоддзя нарэшце завершаная. Менскі стадыён Дынама сёння ўрачыста адкрыўся інагурацыйным матчам паміж зборнымі з розных беларускіх камандаў. Завітаў на спартовае свята і галоўны глядач – Аляксандр Лукашэнка. Чаму так доўга доўжылася рэканструкцыя, і наколькі рацыянальна былі выдаткаваныя грошы падаткаплатнікаў?

Шэсць гадоў рэканструкцыі паводле кошту трох параўнальных еўрапейскіх стадыёнаў. Сёння, праз тры тыдні пасля афіцыйнага завяршэння работ, менскі стадыён Дынама нарэшце запрацаваў на самай справе.

Распячаталі стадыён матчам паміж дзвюма зборнымі з розных беларускіх камандаў. Дынама Менск і Берасце з аднаго боку, і астатнія – з другога.

Рэканструкцыю стадыёна запланавалі яшчэ ў 2005-м годзе, але практычна ўзяліся за справу толькі яшчэ праз 7 гадоў.

«Нам трэба кампактны еўрапейскага ўзроўню стадыён, хай там будзе 40-45 тысяч гледачоў. І распальцоўкай займацца там не трэба. Мы – не настолькі багатыя, каб з шыкам там нешта будаваць», – заяўляў Лукашэнка.

У выніку, атрымалася ўдвая кампактней, чым планавалі ва ўрадзе. 22 з невялікім тысячы гледачоў. Затое грошай на гэта выдаткавалі ў разы больш, чым на прэстыжнейшыя еўрапейскія арэны. Гэтак, стадыёна Альянс у Вене – хатняя пляцоўка тамтэйшага Рапіда, змяшчае на 6 тысяч больш гледачоў, чым Менскі, затое каштаваў у тры з паловай разы менш. 60 мільёнаў долараў супраць двухсот, які прыпісваюць Дынама.

Мюнхенскі Альянс, дзе базуецца клуб Баварыя – шматразовы пераможца Лігі чэмпіёнаў, значна большы па памерах, але, у пераводзе на адно глядацкае сядзенне, каштуе ўдвая менш. Штопраўда, беларуская арэна мае яшчэ і бегавыя дарожкі. Але ў Скоп’е рэканструкцыя аналагічнага абʼекту абышлася, больш, чым у чатыры разы танней.

Адмыслоўцы тлумачаць, завышанаму кошту паспрыялі некалькі чыннікаў. Па-першае, арэну вырашылі будаваць з захаваннем арыгінальнага муру, што значна ўскладніла работы. Па-другое, кошт узвінціла жаданне чыноўнікаў рабіць працы выключна сіламі беларускіх кампаніяў. У выніку, адхілілі больш танныя прапановы нямецкіх і вугорскіх праектантаў і аддалі працу Менскпраекту.

Маладзечанскі завод металаканструкцыяў заняўся надзвычай складанай працай па ўсталяванні кругавога даху над трыбунамі, хаця ніколі раней гэтым не займаўся. Але, адмыслоўцы не выключаюць, што частка пераплатаў паспрыяла надзвычайным прыбыткам некаторых зацікаўленых функцыянераў.

Найбольш яскравы прыклад, які можа сведчыць пра распіл бюджэтных сродкаў гэта – кошт флагштокаў, якія закупалі праз сайт дзяржаўных закупаў айстрэйд. Як заўважыла ў свой час «Наша Ніва», 20 простых металічных трубаў, для ўсталявання на іх сцягоў, закупілі па больш чым $ 20 тыс. То бок – па цане шыкоўных лімузінаў, на якія ідзе, бадай больш металу, чым на згаданыя трубы, плюс рухавікі, электроніка ды іншае. Найдаражэйшы флагшток такога памеру выданне Pressball, праманіторыўшы кошты па ўсім свеце, знайшла ў ЗША. І яны каштавалі ў чатыры разы танней.

$ 150 мільёнаў, якія беларускія ўлады пераплацілі на пабудове стадыёну Дынама гэта – столькі ж, колькі вызначана ў сёлетнім бюджэце на медычную дапамогу насельніцтву.

Станіслаў Івашкевіч belsat.eu