Чыноўнікі не бачаць праблемаў інвалідаў


Трагічная гісторыя, якая дэманструе мужнасць і адданасць чалавека. Аксана Аўсянікава вось ужо пяць гадоў даглядае дачку. Пасля няшчаснага выпадку дзяўчына засталася практычна паралізаваная.

Маці спадзяецца паставіць дачку на ногі, хоць на гэта патрабуецца шмат часу і вялікія сродкі. За жыццём мужнай сям’і назіраў Зміцер Міцкевіч.

5 гадоў таму 20-гадовая дачка шматдзетнай маці са Жлобіну Аксаны Аўсянікавай трапіла ў аварыю. Вынік – 10 складаных аперацыяў і практычна поўная нерухомасць, хоць шанец стаць на ногі яшчэ ёсць. Але ж дактары здзіўляюцца, што Ксенія наагул засталася жывая.

«Нам трэба два разы на год праходзіць рэабілітацыю ў Рэспубліканскай клінічнай больніцы рэабілітацыі. Для таго, каб туды трапіць, трэба дазвол міністра. Без дазволу міністра мы туды не трапім. Ну а для Ксюшы гэта важна, вельмі важна», – кажа шматдзетная маці Аксана Аўсянікава.

На прыём да Васіля Жарко Аксана Аўсянікава прабівалася каля паўгода. Але ж для паўнавартаснай рэабілітацыі патрабуецца сталая праца: удома ў Аўсянікавых ужо ўтварыўся невялікі медычны цэнтр, абсталяваны сваймі сіламі, – адмысловыя прылады для мадуляцыі хадзьбы і трымання вертыкальнага становішча для Ксеніі.

«Гэтага ўсё роўна не хапае. Трэба дарагія лекі з-за мяжы. Трэба памперсы, трэба масаж, трэба фізкультура, трэба, каб і лагапед займаўся – на ўсё гэта трэба грошы. Усё гэта каштуе добрую суму – каля 1500 рублёў на месяц», – працягвае Аксана Аўсянікава.

А пенсія Ксеніі па інваліднасці складае 240 рублёў. Яшчэ 200 – дапамога для нагляду за інвалідам. Сям’і дапамагаюць жыхары Жлобіну: адмысловыя скрыні стаяць у крамах, цэрквах. Раней сума штомесячных ахвяраванняў сягала і шасцісот рублёў, цяпер жа толькі каля двухсот.

«Праблема ў нас адна, ва ўсіх інвалідаў: грукаемся, грукаемся, грукаемся. Біблія кажа: грукайцеся, і вам адчыняць. Але не заўжды. Я не хачу нікога ачарніць, але чыноўнікі часцей за ўсё заплюшчваюць вочы. Але мы павінныя быць у грамадстве на роўных», – адзначае Уладзімір Кучынскі з Рэспубліканскага таварыства інвалідаў.

Менавіта роўнасці і патрабуюць людзі з абмежаванымі магчымасцямі. Аднак звярнуць увагу дзяржавы на свае праблемы – справа не з простых.

«Усяго паўсюль трэба дабівацца. Паўсюль усяго. Бо калі не будзеш дабівацца, ніхто ўвогуле нічога рабіць не будзе. Стараешся, спрабуеш, дабіваешся, а ўсё роўна глядзяць, можна сказаць, скрозь пальцы», – адзначае Аксана Аўсянікава.

І пакуль звычайным людзям даводзіцца ў выпадку няшчасця грукацца ў часта зачыненыя дзверы ды прасіць дапамогі, міністр Жарко будуе сабе катэдж ацэначным коштам 500 тысяч долараў. А ў сферы медыцыны выяўляюцца карупцыйныя схемы і раскраданні бюджэтных сродкаў на сотні тысяч долараў. Краіна кантрастаў.

Зміцер Міцкевіч, belsat.eu