Чыноўнікі ігнаруюць план выратавання айчынных прадпрымальнікаў


Пачатак года для тысячаў малых і сярэдніх бізнесоўцаў у Беларусі быў як ніколі трывожны. З першым студзеня ў жыццё ўвайшоў прэзідэнцкі ўказ № 222. Згодна з дакументам, вырабы лёгкай прамысловасці з краінаў Мытнага саюзу цяпер можна рэалізоўваць толькі пры наяўнасці суправаджальных дакументаў.

«Пятля на шыі прадпрымальнікаў»

«Калі яшчэ не пачатку года была надзея, што ўсё гэта неяк зрушыцца з мёртвага пункту, то на сёння я магу сказаць дакладна, што яно рухаецца ўсё на дно вельмі хутка», – кажа прадпрымальнік з Горадні Андрэй Шасцеракоў.

У выпадку адсутнасці суправаджальных дакументаў закон прадугледжвае велізарныя штрафы. Значная частка індывідуальных прадпрымальнікаў надалей працягвае гандаль без папераў. Пакуль масавых правяранняў і канфіскацыяў не было, але праблема застаецца.

«Праблема застаецца ўсё тая ж – гэта пятля на шыі прадпрымальнікаў у выглядзе накладных і сертыфікатаў, за якія можна штрафаваць і прыцягваць да адказнасці ў кожную хвіліну», – даводзіць Анатоль Шумчанка, лідар абʼяднання «Перспектыва».

Сітуацыю параўноўваць з бомбаю запаволенага дзеяння

Каб пазбегчы канфліктаў з дзяржаваю, абʼяднанне «Перспектыва» прапаноўвае праект указу, які прадугледжвае спрашчэнне ў рэгуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці ў рознічным гандлі. Менавіта гэтая ініцыятыва і апынулася ў цэнтры ўвагі ўдзельнікаў агульнабеларускага форуму прадпрымальнікаў у Менску.

«Мы хочам вярнуцца да таго часу, калі мы маглі працаваць без дакументаў і плаціць фіксаваны збор. Гэта на сённяшні дзень самы аптымальны варыянт для прадпрымальнікаў», – цвердзіць Анатоль Шумчанка.

«Калі працягнецца такая сітуацыя, хутчэй за ўсё давядзецца спыніць сваю дзейнасць. Як мы будзем далей выжываць?», – абураецца прадпрымальніца з Рэчыцы Настасся.

Статыстыка сведчыць пра выміранне ІП

Цяпер праект дакументу збіраюцца перадаць у Савет Міністраў і кіраўніку краіны. Калі гэта не атрымаецца, будзе створаная ініцыятыўная група для збору подпісаў за змены ў заканадаўстве.

«Я магу прывесці прыклад з рынку Паўднёвы ў Горадні. На сёння з рынку вывезлі 111 боксаў. Гэтыя людзі не вернуцца на рынак ніколі, калі яны і вывезлі». Для параўнання, за ўвесь 2015 вывезлі 40», – дзеліцца ўбачаным Андрэй Шасцеракоў.

Пра тое, што малы і сярэдні бізнес у Беларусі стаіць на мяжы вымірання, сведчыць і афіцыйная статыстыка. Адмысловы маніторынг па Менскай вобласці правёў Камітэт дзяржаўнага кантролю. Згодна з атрыманымі звесткамі, з 2015 года колькасць ІП пачала імкліва змяншацца. Толькі ў гэтым рэгіёне летась малы і сярэдні бізнес згубіў чатырыста пяцьдзясят з лішнім суб’ектаў.

Ян Бабіцкі, «Белсат»