У Гомлі прыватныя дамы на вуліцы Беларускай, Пясочным і Чкалаўскім праездах будуць знесеныя.
Шмат эмоцыяў і пытанняў. Адказы цьмяныя. Жыхары Гомля маюць прычыну не спаць. Усяму віною жахлівае слова «генплан». Прыватныя дамы на вуліцы Беларускай, Пясочным і Чкалаўскім праездах будуць знесеныя.
«Чаму людзей паставілі перад фактам? Чаму не папярэдзілі? Не абмеркавалі гэтае пытанне?» – пытаецца мясцовая жыхарка.
Іншая кажа:
«Гэта ж увогуле проста памерці можна. Людзі ў шоку. Вы нават не ўяўляеце. Гэта яны цяпер яшчэ неяк выглядаюць. Яны не спяць па начах ужо, як атрымалі паведамленне. Гэта ж жах нейкі, што творыцца з намі».
Чыноўнікі прыкрываюцца генеральным планам Гомля як канчатковым дакументам і ставяць людзей перад фактам.
«Што жа тычацца таго, падмануць-не падмануць – вашае атрыманае рашэнне вы можаце абскардзіць у судзе. Усе ацэнкі, якія робяцца, вы таксама можаце абскардзіць», – кажа начальнік аддзелу будаўніцтва Вольга Смалько.
Жыхары наракаюць, што няма ніякае канкрэтыкі – калі пачнуць знасіць і як будуць разлічваць кампенсацыю.
«Сабралі нас, як статак авечак. Нічога не чутно, мікрафон не ўзялі, людзям нічога не тлумачаць», – абураецца яшчэ адна жыхарка.
І галоўнае пытанне: чаму, калі генеральны план датаваны снежнем 2016-га года, людзям усцяж давалі згоду на будаўніцтва?
Вось што кажа мясцовая жыхарка Раіса:
«Літаральна летась у снежні, каля паўгода таму, я хадзіла да архітэктара, удакладняла, ці можна будаваць. У мяне сын ажаніўся, дзіця нарадзілася, няма дзе жыць. Мне сказалі: «Будуйцеся, дазвол ёсць, будуйцеся».
Гэтак жа атрымала дазвол на будоўлю і сямʼя Абасавых: выдаткавалі шмат сродкаў, збудавалі гэты дом. Цяпер людзі ў роспачы. І такіх тут бальшыня.
«У мяне цяпер такое ўражанне, што мяне пазбаўляюць радзімы. У мяне маці тут пражыла. І гэта як так – проста ўзяць і выкінуць чалавека», – распавядае жыхарка Пясочнага праезду Алена Пятровіч.
Узамен паўстануць шматпавярховікі. Праваабаронца Алесь Яўсеенка, які таксама жыве тут, бачыць больш глыбокі кантэкст:
«Тут праблема не з жытлом. Праблемы нейкія схаваныя. Пад шыльдаю патрэбаў дзяржавы нехта хоча атрымаць нейкі навар».
Пагатоў месцаў пад будоўлю шматпавярховікаў у Гомлі не бракуе. Але мясцовыя ўлады ўзяліся чамусьці менавіта за гэты раён.
«Я не лічу, што гэта дзяржаўная патрэба. Гэта шэрая схема, якой павінны зацікавіцца пракуратура, урэшце рэшт, следчы камітэт», – мяркуе бард Вальжына Цярэшчанка.
Аднак, прынамсі пакуль, прадстаўнікі ўлады цікавяцца выключна зямлёю пад дамамі гомельцаў.
Сяргей Падсасонны, belsat.eu