Чыноўнікі давялі да інсульту дырэктарку дому культуры


У прамым сэнсе давялі да інсульту – гэтак зацкавалі мастацкую кіраўніцу Рэчыцкага гарадскога палаца культуры. Цяпер Людміла Грызунова спрабуе праз суд дамагчыся спакою.

Людміла Грызунова 22 гады адпрацавала дырэктаркаю дому культуры ў вёсцы Азершчына, што ў Рэчыцкім раёне. За гэты час ані нараканняў, ані спагнанняў з боку кіраўніцтва не было. Усё змянілася тры гады таму.

«Раптам чыноўнікам спатрэбілася маё месца. Паўтара года мяне тэрарызавалі, правяралі, спрабавалі мяне злавіць на чым можна і не можна. То ў мяне няма папулярызацыі сямейных каштоўнасцяў, то я мала праводжу мерапрыемстваў па здаровым ладзе жыцця. За гэта мне далі дзве вымовы», – кажа Людміла Грызунова, мастацкая кіраўніца рэчыцкага палацу культуры.

У выніку дырэктарка, якая мела бліскучую рэпутацыю, апынулася без працы – з прычыны вымоваў ёй не працягнулі кантракту. Паўгода Людміла спрабавала ўладкавацца хоць прыбіральніцай – трэба было ўтрымліваць дачку. Але не бралі нікуды.

Жыхары Рэчыцы:

«І дзяцей было шмат, і яна праводзіла ўсялякія конкурсы: і дзіцячыя, і дзеля старых таксама. Ну вельмі добра было, калі яна тут была».

«Людміла Уладзіміраўна дае такія добрыя канцэрты. А людзі нічога не робяць, атрымліваюць заробак і плюс да ўсяго яшчэ і цкуюць. А нашто ты такія канцэрты добрыя даеш? Сядзі, як мы, ціхенька і не высоўвайся».

Сітуацыя змянілася пасля візіту ў горад аднаго высокага чыноўніка, які ведаў Грызунову як добрага адмыслоўца. У выніку яе ўзялі на працу ў ДК Рэчыцаў на пасаду мастацкага кіраўніка. Аднак і на новым месцы не ўсё пайшло гладка.

Наведнікі дому культуры:

«Зрываюць нашыя выступы. Прыходзяць, пачынаюць нервы рваць. Пачынаюць: «Няправільна вы кіруеце, вы не можаце, вы неталенавітая», – абражаюць у прысутнасці нас.

«На нервах у яе здарыўся мікраінсульт, у яе дасюль рукі ды ногі дрыжаць, язвы адкрыліся. Не магу размаўляць спакойна. Бачыла, як яна ўвесь час плакала, я разам з ёй працавала».

Памяшканне, якое выдзелілі Грызуновай для заняткаў толькі тры месяцы таму, размяшчаецца ў падвале. Ад вільгаці рэчы ў літаральным сэнсе пачалі абрастаць мохам. Дыхаць там таксама немагчыма.

«Тры месяцы, як мне далі падвал. А так я праводзіла рэпетыцыі на чыгуначных вакзалах з дзецьмі, на Светлагорскай шашы – на вуліцы. Пенсіянеры клубу «Жывіца» чыталі свае вершы ў Дзень святога Валянціна на Светлагорскай шашы – у слоту, у дождж, у мароз», – распавядае мастацкая кіраўніца рэчыцкага палацу культуры.

Яшчэ раней Людміла паспяхова абскардзіла ў судзе свае вымовы трохгадовай даўніны, якія паслужылі прычынаю звальнення, – іх прызналі неабгрунтаванымі. Цяпер Грызунова спрабуе праз суд спыніць сваё цкаванне, а таксама даказаць незаконнасць свайго звальнення з папярэдняга месца працы і атрымаць кампенсацыю маральнай шкоды. Яна падала позву супраць аддзелу ідэалагічнай працы, культуры і справаў моладзі Рэчыцкага райвыканкаму. Пакуль суд не вынес канчатковага рашэння, наступнае паседжанне – у панядзелак.

«На сённяшні момант патрабаванні позвы лічым незаконнымі ды неабгрунтаванымі і просім суд у позве адмовіць у поўным аб’ёме… Пакуль не зразумелае прававое абгрунтаванне і фактычнае абгрунтаванне. То бок раздзяліць заяўленыя патрабаванні. Бо патрабаванні мусяць заяўляцца ў дакладных працэсуальных рамках», – адзначае Аксана Крумкачова, адвакатка адказчыка.

Але ў якія рамкі ўкладаецца такое стаўленне з боку чыноўнікаў да чалавека, што ўсё жыццё прысвяціў працы, – не зразумела.

Зміцер Міцкевіч, «Белсат»