Чыноўнікі Берасця плануюць знішчыць палову вуліцы і два заводы


Адным подпісам знішчыць палову вуліцы. Пакуль Берасце рыхтуецца святкаваць тысячагоддзе, жыхары адной з вуліцаў гораду вымушаныя абараняць сваё жытло ад дзяржавы.

«Мы не дамо знесці. Гэта – нашая радзіма. Для мяне гэта не толькі жылы дом з участкам. Для мяне гэта кавалак радзімы. Тут жылі мае бацькі. Жыў дзед у гэтым доме. Тут нарадзілася я. Тут нарадзіўся мой дзяцёнак», – патлумачыла жыхарка вуліцы Паплаўскага.

Без абмеркавання з гараджанамі чыноўнікі Берасця перанеслі будаўніцтва другой часткі Заходняга абыходу з вуліцы Смірнова на вуліцу Паплаўскага. Цяпер ахвярамі транспартавага праекту, які меўся спрасціць жыццё мясцовых аўтамабілістаў, стануць некалькі дзясяткаў прыватных дамоў.

«Да мяне звярнуліся мае выбарнікі, каб я агаласіў іх праблему. З нейкага перапуду чыноўнікі вырашылі правесці тут Заходні абыход. Тут, як вы бачыце, для зносу вельмі шмат дамоў. Як гэта кампенсуюць людзям, мне незразумела. Вельмі шмат дабротных дамоў. Ужо ходзяць вымяраюць. Людзей не папярэдзілі, а ўжо ходзяць ацэньваюць іх дамы», – распавядае Сяргей Пятрухін, кандыдат на дэпутацтва, блогер.

Апроч жылых дамоў пад знос трапяць і два прадпрыемствы

«Добра, з намі, з людзьмі не хочуць лічацца. Але вы падумайце, «Брэстсельмаш» завод. Няўжо яго трэба росчыркам пяра ўзяць і знішчыць? І «Мелькамбінат». Ніхто пра гэта не падумаў», – абураецца жанчына.

«Як кіроўца, магу сказаць, што гэтая дарога ўвогуле нічога не вырашыць. Яна пройдзе паміж двума чыгуначнымі палотнамі. Якую развязку яна робіць, не зразумела. Таму што атрымліваецца, што пераезды ўсё роўна застаюцца. Праблема пераездаў не развязаная гэтым абходам, гэтай дарогай. Якая выгада для гораду тут – не зразумела», – зазначыла тутэйшая спадарыня.

Жыхары вуліцы гатовыя ісці да канца

Чым абгрунтаваная змена ў падпісаным асабіста Лукашэнкам сёлета ў траўні ўказе? І чаму не правялі грамадскіх слуханняў? З гэтымі пытаннямі мы звярнуліся ў Берасцейскі гарвыканкам.

«Паслухайце, паважаная журналістка, такія пытанні па тэлефоне не абмяркоўваюцца. Прыязджайце і задавайце гэтыя пытанні. Ці пісьмова звяртайцеся да нас афіцыйна», – адказаў Ягор Дабруноў з аддзелу горадабудаўніцтва ўпраўлення архітэктуры і горадабудаўніцтва.

Гэткім жа бюракратычным мурам мясцовыя чыноўнікі адгарадзіліся і ад месцічаў. Нягледзячы на шматлікія запрашэнні, «слугі народу» ні разу не наведалі сходаў жыхароў Паплаўскай. Аднак тыя не апускаюць рук і, каб развязаць праблему, гатовыя дайсці нават да кіраўніка краіны.

Лола Бурыева, «Белсат»