Аб'ектыў 31.07.2017 Чыноўнікі б’юць трывогу. Палова эканомікі працуе на выплату даўгоў


Прагноз – станоўчы. Міжнароднае рэйтынгавае агенцтва Фітч пацвердзіла сёння крэдытны рэйтынг Беларусі як высокарызыкоўны, але найбліжэйшыя перспектывы ацэньвае як станоўчыя. Гэта значыць, што ў агляднай будучыні рэйтынг можа быць перагледжаны ў бок павышэння – з 15-га месца шкалы Фітч – на 14-у.

Аптымізм агенцтва Фітч тлумачыць дамоўленасцямі Менску з Масквой

У першую чаргу гаворка ідзе пра энергарэсурсы, аднаўленні выплатаў траншаў еўразійскага крэдыту і дзейныя перамовы аб новым крэдыце непасрэдна ад Расеі. Штопраўда, агаворваецца агенцыя, прагноз гэты – кароткатэрміновы. Іншымі словамі, Менск, на іх думку, зможа расплачвацца па пазыках бліжэйшыя год-два, за кошт таго, што будзе мець магчымасць яшчэ набіраць новыя.

Доўгатэрміновыя перспектывы нарошчвання пазыковай піраміды выклікаюць асцярогі нават у беларускіх урадоўцаў. За апошнія тры гады агульны дзяржаўны доўг у параўнанні з памерам эканомікі, амаль падвоіўся і складае цяпер амаль палову ад ВУП – удвая больш за гадавы даход рэспубліканскага бюджэту.

Чыноўнікі б’юць у званы

На нарадзе Саўміну месяц таму, Мінфін і камітэт Дзяржкантролю выступілі з папярэджаннямі, што павышаць даўгавую нагрузку болей нельга.

«Пазыковая нагрузка на бюджэт у 2016 годзе параўнальная з абʼёмам фінансавання з рэспубліканскага бюджэту такіх галінаў, як нацыянальная абарона, праваахоўная дзейнасць, нацыянальная эканоміка, ахова здароўя, фізкультура, спорт, медыі ды адукацыя разам узятыя», – занепакоіўся віцэ-старшыня КДК Аляксандр Курлыпа.

Ёсць краіны са значна вышэйшай доляй нацыянальнай запазычанасці

Нямеччына вінная 70% ад свайго ВУП, а дзяржаўны доўг Японіі перавышае яе эканоміку ўдвая. Але, тлумачыць былы старшыня Нацбанку Беларусі Станіслаў Багданкевіч, крэдытаздольнасць краіны ацэньваецца не абʼёмам яе доўгу, а тым, колькі яна плаціць за яго абслугоўванне. Адсотак па запазычанасці не павінен перавышаць росту эканомікі, інакш даўгавая нагрузка становіцца цяжарам, які цягне яе на дно.

Эканомікі Нямеччыны ці Японіі растуць у разы хутчэй, чым беларуская, а адсоткі па сваіх дзяржаўных крэдытах яны часта ня плацяць увогуле. Гэта ім даплачваюць за захаванне чужых грошай. Адсоткі ж па крэдытах для Беларусі, наадварот, перавышаюць рост яе эканомікі ў разы.

У выніку, калі яшчэ пазалетась нашай краіна траціла на выплаты па адсотках усяго 5 % ад рэспубліканскага бюджэту, то ў мінулым годзе ўжо 10 %, а ў першым квартале сёлета – ужо 17 % ад усіх выдаткаў з бюджэту краіны.

Станіслаў Івашкевіч, «Белсат», фота: Viktor Drachev / TASS / Forum

Глядзі таксама
Каментары