Чыноўнікам не хапіла € 100 млн, каб пабудаваць супершпіталь для эліты


Запланаваных € 100 млн не хапіла на «невялікі клінічны цэнтр». Дадатковыя € 5 млн – днямі вылучылі дэпутаты Менскага гарадскога савету на будаўніцтва ў Ждановічах клінікі для высокіх чыноўнікаў.

«Чаму не хапіла грошай – незразумела бо робіцца смета, бачна што колькі павінна каштаваць. Адзіны адказ – зноў карупцыя. У нас няма ніводнага вялікага абʼекту на якім хто-небудзь не нагрэў бы рукі», – тлумачыць эканаміст Леў Марголін.

Усё можна каралям

Будынку на скрыжаванні вуліцаў Энгельскай і Чырвонаармейскай, у якім цяпер месціцца прэзідэнцкая клініка, горад не атрымаў, але спраўна фінансуе з бюджэту новы шпіталь для абраных.

«За гэтыя сто мільёнаў можна было пабудаваць як мінімум пяць звычайных паліклінік ці больніц і гэта магло ахапіць шмат простых людзей», – падлічвае спадар Марголін.

Медустановаў у краіне моцна бракуе, і не толькі ў сталіцы, дзе жыхары мікрараёну Паўночны чакаюць шпіталю з 2010 года. Раённы шпіталь у Мёрах увогуле будуюць ужо трэцяе дзесяцігоддзе. Улетку сродкі для рэканструкцыі дзіцячай больніцы збіралі гомельскія ўлады, цяпер гэткую акцыю распачалі ў Бабруйску.

Фінансаваць рамонт дзіцячага шпіталю ў Бабруйску пачалі ў 2013-м

За гэты час змяніліся тры старшыні гарвыканкаму, не змяніўся толькі стан будынку. Цяпер грошы збіраюць праз дабрачынны марафон.

На рэканструкцыю дзіцячай больніцы ў Бабруйску патрэбныя Br 8 млн – на сродкі, што ўжо ўклалі ў чыноўніцкую клініку ў Ждановічах, можна рэканструяваць два дзясяткі такіх шпіталяў.

Найноўшае абсталяванне, віп-блок з асобнымі ўваходамі, адмысловыя пакоі для аховы – новую лечкамісію мусяць здаць да канца года. Але ці быў бы патрэбны ўвогуле адмысловы шпіталь для высокіх чыноўнікаў, калі б медыцына ў краіне была ў добрым стане? Пытанне рытарычнае.

Ірына Дарафейчук, «Белсат», фота: Уладзімір Яўстаф’еў / TUT.BY