Чыноўніка з Віцебшчыны звольнілі за ўдзел у Дні Волі


Жыхар Мёраў Сяргей Васільеў судзіцца з аддзелам ідэалогіі, культуры і справаў моладзі мясцовага райвыканкаму за сваё, паводле актывіста, незаконнае звальненне з пасады дырэктара сельскага Дому культуры.

Змагацца за права на працу да канца

«Быццам бы за сістэматычнае парушэнне працоўнай дысцыпліны. Але, як гаварыцца, у мяне і ўсіх сумленных людзей няма аніякага сумневу, што гэта адбылося за мае паездкі ў Менск», – кажа Сяргей.

У Менск Сяргей Васільеў ездзіў, каб узяць удзел акцыі да Дня волі

Калі вярнуўся 25 сакавіка дадому, начальства вызвала да сябе ды звольніла. Гэткім чынам, на аднаго беспрацоўнага ў Мёрах стала болей, хоць, паводле афіцыйнай статыстыкі, Мёрскі раён займае другое месца ў спісе самых «працавітых» раёнаў Беларусі – у сакавіку беспрацоўных тут налічвалася ўсяго 25 асобаў, або толькі 0.3 % ад эканамічна актыўнай часткі насельніцтва.

Ці цяжка знайсці працу ў раённым цэнтры на Віцебшчыне?

«Гэта абсалютна нерэальна. Калі і ёсць якая, то там наагул за капейкі».

«Хтосьці на заработкі едзе, хтосьці – нейкую халтуру знаходзіць».

«Прамысловасць у заняпадзе. Мясакамбінат калісьці быў вялікі, саюзнага значэння, а цяпер амаль палова засталася ад яго. Камбікормавы завод зачынілі».

– кажуць мясцовыя.

Ціск з боку ўладаў адчуў на сабе і жыхар Пінску Руслан Гусейнаў

За ўдзел у антыдармаедаўскім пратэсце 12-га сакавіка пінчука без ягонай прысутнасці пакаралі штрафам памерам Br 460. А ў Бабруйску сёння судзілі 65-гадовую Любоў Санкевіч – таксама за ўдзел у антыдармаедаўскім пратэсце. Апроч гэтага, на жанчыну склалі пратакол за ўдзел акцыі, прымеркаванай да Дня волі. Рашэнне ў справе пенсіянеркі абвесцяць 12- га траўня.

Летась жанчыну ўжо штрафавалі за ўдзел у антыкарупцыйных пікетах у Менску. Аднак спадарыня Любоў вырашыла не аплочваць дзяржаве штрафы за мірныя пратэсты і не дазволіла апісаць сваю маёмасць, таму судовыя выканаўцы спагналі грошы з жанчыны праз ейную пенсію.

Віталь Бабін, «Белсат», фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum