Чым запомняцца 24 гады кіравання Лукашэнкі


«Кандыдат з народа і для народа», які зрыне старую карумпаваную наменклатуру, а ўладу прымусіць паважаць простага чалавека. Менавіта так прадстаўляў сябе грамадзянам Аляксандр Лукашэнка, які 24 гады таму перамог у другім туры прэзідэнцкіх выбараў.

Ці ўдалося яму пабудаваць абяцаную «дзяржаву для народа»? Высвятляў Аляксандр Папко.

«Я запалю свет надзеі ў вашых змучаных сэрцах», – абяцаў грамадзянам Аляксандр Лукашэнка. У другім туры выбараў 1994-га года ягоным супернікам быў Вячаслаў Кебіч – прэм’ер-міністр, сімвал партыйнай наменклатуры, якая кіравала краінаю з савецкіх часоў. Нежаданне сыходзіць з савецкай дарогі адлюстроўвала і перадвыбарчая праграма прэм’ера. Ён заяўляў:

«Будзе забяспечанае дзяржаўнае падтрыманне базавых і сацыяльна значных галінаў. Я рэалізую комплекс антыінфляцыйных захадаў, у тым ліку: аднаўленне разбураных фінансава-эканамічных адносінаў. […] Я за захаванне калгасаў ды саўгасаў і дзяржаўнае рэгуляванне эканомікі».

Вярнуць эканоміку на савецкія рэйкі абяцаў і Лукашэнка, але пры гэтым заяўляў, што пакарае чыноўнікаў, якія давялі краіну да галечы:

«Сёння маладыя навукоўцы, рабочыя, настаўнікі, інжынеры, афіцэры – ніхто. Іхны талент, энергія, розум не патрэбныя ўраду і краіне. І ў гэтым адная з прычынаў нашай беднасці, хаосу і бяздарнага гаспадарання».

Прайшло 24 гады, але тысячы беларусаў па-ранейшаму заяўляюць, што ўлада ў краіне належыць зусім не народу, а чыноўнікам.

Ужо праз два гады пасля перамогі на выбарах Аляксандр Лукашэнка ўсталяваў аўтарытарны рэжым. Паводле экспертаў, ягонаю асноўнаю апорай сталі не народныя масы, а менавіта чыноўнікі, сілавікі і дзяржаўныя медыі.

«З першых дзён прэзідэнцтва Лукашэнка з карупцыяй не змагаўся. Ён адразу пачаў змагацца з палітычнаю апазіцыяй. […] Ён расчысціў поле для наменклатуры так, як самая наменклатура на пачатку 1990-ых не магла і марыць», – кажа Сяргей Навумчык, які з 1990 па 1996 гады быў дэпутатам Вярхоўнага Савету.

Сімваламі «зрастання» маладога папуліста з наменклатураю сталі Уладзімір Замяталін і Міхаіл Мясніковіч. Першы рабіў кар’еру ў ідэалагічным апараце Кебіча і без праблемаў працягнуў яе ў апараце Лукашэнкі. Другі пры СССР быў сакратаром менскага гаркаму партыі, пры Кебічы – віцэ-прэм’ерам, а пры Лукашэнку дабраўся да прэм’ерскага крэсла.

«У Беларусі дзяржава кантралюе шырокія сферы – такія, у якія ў дэмакратычнай краіне дзяржава проста не ўмешваецца. Гэта і эканоміка, і грамадская сфера, і грамадзянская супольнасць. Адсюль вялікая роля чыноўнікаў і карупцыя», – адзначае палітолаг Валер Карбалевіч.

24 гады пасля перамогі Лукашэнкі шматлікія лозунгі ягонай перадвыбарчай праграмы засталіся актуальныя. Заходнія суседзі Беларусі даўно жывуць у Еўрапейскім Звязе, іхныя сярэднія заробкі ў тры разы перавышаюць беларускія. А грамадзяне нашай краіны ўсцяж чакаюць ад чынавенскай машыны абяцаных 500 долараў і павагі да сваіх правоў.