Чым прывабліваюць выбарнікаў кандыдаты ў дэпутаты мясцовых саветаў?


Дэпутат у адказе за тых, хто аддаў за яго голас. Так мусіць быць. Але ці ёсць насамрэч?

«Людзі нашыя як ставяцца да выбараў? Некаторыя нават на парог не пускаюць, калі чуюць слова выбары. Мы гэта добра разумеем. Людзі кажуць, мы не пойдзем на выбары, бо праблемы нашыя ніхто не вырашае», – распавядае Таісія Кабанчук, каардынатарка БХД у Магілёўскай вобласці.

Пераканаць грамадзянаў, што гэта не заўсёды праўда, вырашылі актывісты Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. Апроч збору подпісаў за кандыдатаў на дэпутацтва, яны разгарнулі ініцыятыву «Дарога да выбарчага ўчастку».

Кампанія як нідзе актуальная для жыхароў другога завулку Камбінацкага і вуліцы Мендзялеева ў Бабруйску.

Прынамсі цягам чатырох апошніх гадоў, паводле мясцовых, яны шмат разоў звярталіся да чыноўнікаў. Увесну і ўвосень, а часам і летам ды зімой іхныя ўчасткі залівае вада, а дарога ператвараецца ў багну.

Актывісты БХД абяцаюць пасля збору подпісаў пад зваротамі ад грамадзянаў давесці іх да адпаведных інстанцыяў.

Спрабаваць вырашыць праблемы мясцовых жыхароў у выпадку абрання абяцае і беспартыйны кандыдат, мянчук Сяргей Луканін. Як старшыня праўлення жыллёва-будаўнічага спажывецкага кааператыву ён добра ведае, чым жыве сталічны раён Каменная Горка.

«Толькі нядаўна адкрылася паліклініка дзіцячая, але дагэтуль няма паліклінікі дарослай. Няма, напрыклад, кінатэатраў. Няма месцаў, дзе можна бавіць час як дарослым, гэтак і падлеткам. Нягледзячы на тое, што забудова новая, але, дзіўна проста, што няма аўтастаянак», – кажа Сяргей Луканін.

Нават святочны апошні дзень 2017-га ён прысвяціў збору подпісаў.

Выбары дэпутатаў мясцовых саветаў адбудуцца 18 лютага наступнага года.

Лола Бурыева, belsat.eu