Задача – нейтралізаваць журналістаў. На гэтым тыдні ПЯЦЬ судоў над белсатаўцамі!


Нас не пускаюць на афіцыйныя мерапрыемствы, затрымліваюць, а апошнімі месяцамі – усё часцей выклікаюць у суды і штрафуюць. Такія пакаранні як зброю супраць незалежных журналістаў улады выкарыстоўваюць, не зважаючы на нормы міжнароднага права.

Што да працаўнікоў тэлеканалу «Белсат», грашовых пакаранняў з пачатку года яны зазналі больш за астатніх: сёлета агульная сума штрафаў склала больш за 11 тысячаў долараў. Адным з апошніх позву ў суд атрымаў журналіст Алесь Сіліч за здымкі акцыі раварыстаў каля опернага тэатру.

«Працавалі, было два ўдзельнікі акцыі, два журналісты і прыкладна шэсць або сем гэтых качкоў у звычайным адзенні, якія здымалі, і на падставе гэтага, відаць, у міліцыі праводзіцца нейкае даследаванне, па відэа (да нас ніхто не падыходзіў, ні пацікавіўся ні журналісцкім пасведчаннем, ні чым) праводзіцца нейкае даследаванне, яны вызначаюць нашыя асобы і дасылаюць нам позвы ў міліцыю і ў суд», – распавяде журналіст Алеь Сіліч.

Разам з Алесем Сілічам днямі позвы ў суд атрымалі журналісты Марыя Арцыбашава і Сяржук Кавалёў. Неўзабаве – 24 жніўня – пройдзе разгляд адміністратыўнай справы ў дачыненні нашага карэспандэнта Станіслава Івашкевіча, які зрабіў рэпартаж з Ліды пра свінакомплекс, што забруджвае гноем мясцовую раку. Яму пагражае штраф памерам да 50 базавых велічыняў або 1150 рублёў. На наступны ж дзень – 25 жніўня – распачнецца судовы працэс і над журналісткай «Белсату» Кацярынай Андрэевай за стрымы з акцыі 3 ліпеня і святкаванне Дня дэсантнікаў 29 ліпеня.

«Гэта адзіны метад ціску – канфіскаваць тэхніку або скласці пратакол на самога журналіста, і іншых метадаў і рычагоў ціску на журналістаў «Белсату» у іх няма», – мяркуе журналістка Кацярына Андрэева.

Афіцыйная ж падстава, паводле якой судзяць журналістаў, – «незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі медыяў». Іншымі словамі – праца без акрэдытацыі.

Як адзначае Алесь Сіліч, які часта працуе за мяжою, атрымаць яе ў краінах Еўразвязу, у адрозненне ад Беларусі, не выклікае вялікай праблемы.

«Калі тваё СМІ не парушае закон. Не заклікае да гвалту, то гэтая акрэдытацыя атрымліваецца ў некалькі дзён. Але ў нас гісторыя з акрэдытацыяй нашага канала ў Беларусі – проста нейкая жахлівая казка. Па незразумелых прычынам нам гэтую акрэдытацыю не даюць», – дадае Алесь Сіліч.

Павелічэнне колькасці штрафаў, актыўна прызначаць якія пачалі сёлета з пачатку вясны, прадстаўнік «Белсату» у Беларусі Аляксей Мінчонак лічыць мэтанакіраванай.

«Я думаю, што гэта можна звязаць з тым, што ўлады рыхтуюцца да восеньскай пратэстнай кампаніі, якую анансуе апазіцыя, і такім чынам яны імкнуцца нейтралізаваць журналістаў, можа, каб у іх было менш ахвоты, яны думаюць», – каментуе сітуацыю прадстаўнік «Белсату» у Беларусі Аляксей Мінчонак.

Рэкардсменам жа ў колькасці штрафаў за працу без акрэдытацыі стаўся гомельскі журналіст Кастусь Жукоўскі. За нявыплачаныя штрафы яму пагражае канфіскацыя маёмасці, апісваць якую судовыя выканаўцы маюць прыйсці ўжо ў панядзелак. А праз тры дні яго чакае чарговы суд за працу без акрэдытацыі.

Юлія Лабанава, «Белсат»