Чарговы шэдэўр дзяржпрапаганды ў адказ на пратэсты ў Беларусі


Хапуны, збіццё, неадэкватныя паводзіны міліцыі. Такім убачылі апошні Дзень Волі яго ўдзельнікі ў Менску і рэгіёнах. Дзясяткі доказаў таго, што гэта былі выключна мірныя дэманстрацыі, уважліваму назіральніку данеслі незалежныя медыі.

Аднак некаторыя маюць на гэты конт сваё гледзішча.

Паводле аўтараў фільму «Белы легіён чорных душ», у Беларусі 25 сакавіка рыхтаваўся дзяржаўны пераварот, пра які беларускай амбасадзе ў Берліне паведаміла невядомая жанчына-беларуска, якая, цытата, «усёй душою перажывае за сваю радзіму». Звесткі яна нібыта атрымала ад свайго сябра грамадзяніна Францыі.

Менавіта гэты фрагмент выказвання невядомай жанчыны выклікае першыя сумневы. Яна не ведае, калі дакладна рыхтаваліся правакацыі – 24, 25 ці 26. Звесткі падаюцца без дакладнасці.

Імідж, гульні з Захадам – гэта справа другасная

«Той перыяд умоўнай лібералізацыі, які доўжыўся прыблізна гады паўтара ён відавочна скончыўся. Лукашэнка ўзважваў і калі ён убачыў, што гэтыя пратэсты набылі даволі значны маштаб, ён вырашыў, што трэба ўсё гэта душыць. Імідж, гульні з Захадам – гэта справа другасная», – упэўнены палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.

Лагеры баевікоў, Майдан, тэракты ды Ісламская Дзяржава

Людзям, якія праходзяць у справе «Белага легіёну», дзяржаўныя прапагандысты прыпісваюць рыхтаванне шэрагу тэрактаў. Другая частка фільму прысвечаная таму, якім чынам нібыта ўсё адбывалася.

Адмысловыя лагеры ў рыхтаванні баевікоў у Беларусі і за яе межамі, стварэнне выбуховак, нелегальнае захоўванне самай рознай зброі, а нават сувязі з «Ісламскаю дзяржавай», гэтак званымі бандэраўцамі ды ўкраінскім Майданам – усё гэта стварыла адпаведны вобраз.

Ніводны вайсковы эксперт у самым фільме не паказаўся

«Хаця раней БТ знаходзіла нейкіх кішэнных экспертаў, і яны нешта казалі. У дадзеным выпадку напэўна справа на столькі шытая белымі ніткамі, што толькі тыя, хто носіць пагоны і вядзе яе ў КДБ могуць на гэты конт выказвацца, але ім гэта не з рукі», – мяркуе публіцыстка Святлана Калінкіна.

Пагоня, бчб, свастыка…

Невыпадкова, што побач з беларускаю нацыянальнаю сімволікай аўтары матэрыялу пазіцыянуюць нацысцкія знакі.

«Яны вылілі на нас усе свае страхі. Яны баяцца незалежнай Беларусі, яны не хочуць незалежнай Беларусі, яны баяцца сімволікі нацыянальнай, гісторыі, людзей, якія гатовыя бараніць Беларусь у выпадку пагрозы. Для іх гэта ўсё злачынства», – тлумачыць спадарыня Калінкіна.

Як далёка могуць пасунуцца ўлады ў справах «Белага легіёну»?

Не выключана, што Беларусь чакае чарговы паказальны судовы працэс.

«Захаванне ўлады гэта для Аляксандра Лукашэнкі звышзадача. Улада гэта звышкаштоўнасць. У ягоных прамовах неаднойчы гучала адкрытым тэкстам, што калі трэба ён возьме аўтамат, будзе адстрэльвацца. Гэта кажа пра ягоныя вялікія фобіі, а фобіі гэта страшная рэч», – даводзіць Аляксандр Класкоўскі.

У справе «Белага легіёну» праходзіць больш за два дзясяткі асобаў. Значнай частцы з іх ужо выставілі абвінавачанні.

Ян Бабіцкі, «Белсат»