Аб'ектыў 17.06.2017 Чарговы Карыбскі крызіс: Трамп адмяніў дамоўленасці з Кубай


Прэзідэнт ЗША Доналд Трамп адмяніў гандлёвыя дамоўленасці з Кубай, якіх дасягнуў ягоны папярэднік Барак Абама. ЗША вяртаецца да палітыкі санкцыяў, пакуль на Выспе свабоды не вызваляць усіх палітвязняў.

Свае планы Доналд Трамп агучыў у штаце Флорыда, які наведаў з адмысловым візітам у пятніцу. Менавіта ў Маямі жыве вялікая дыяспара выхадцаў з Кубы.

«Падпісалі гешэфт з урадам, які надалей распаўсюджвае ґвалт і нестабільнасць у рэгіёне. Папярэдняе адміністрацыя нічога не атрымала ад дамоўленасцяў. Але цяпер… гэтыя дні скончыліся. Цяпер мы здаем карты. Палёгка ў абмежаваннях на паездкі ды гандаль не дапамагае кубінскаму народу, а толькі ўзбагачае кубінскі рэжым», – заявіў Доналд Трамп.

Трамп паабяцаў абмежаваць фінансавыя плыні з ЗША на Кубу, якія, на ягоную думку, выкарыстоўваюцца для ўзмацнення вайскоўцаў. Пад забарону трапляюць і індывідуальныя турыстычныя паездкі.

«Я думаю, што палітыка Трампа ў адносінах Кубы накіраваная супраць грамадзянскіх правоў амерыканцаў. Амерыканцы маюць права перамяшчацца па ўсім свеце свабодна, а цяпер яны не могуць паехаць на Кубу. Палітыка», – кажа Эдуарда Пэрэс-Пуалс.

Таксама пад санкцыі трапіў вайсковы кангламерат GAESA, які, паводле ацэнак экспертаў, кантралюе больш за палову кубінскай эканомікі. Але, як лічаць тыя ж адмыслоўцы, палітыка ізаляцыі Кубы асуджалася апошнія 50 гадоў. Несумненна, сітуацыя з правамі чалавека застаецца вельмі дрэннай, але незразумела як яна палепшыцца пасля ўвядзення санкцыяў.

«Краіна ўжо пакутуе. Моладзь хоча пакінуць краіну. Новая палітыка – цьмяная перспектыва, бо ўзмоцніць пазіцыі тых, хто выступае супраць рэформаў, адкрытасці эканомікі ды прыцягвання замежных інвестыцыяў», – кажа аналітык Майкл Шыфтэр.

Рэакцыя кубінскіх уладаў на заяву Доналда Трампа даволі стрыманая: з аднаго боку, Гавана сцвярджае, што гатовая працягваць дыялог, з іншага – як усе недэмакратычныя рэжымы, паўтарае мантру, што не дазволіць спекуляваць тэмаю правоў чалавека. Але звычайных грамадзянаў такія заявы не супакойваюць.

Жыхары Кубы кажуць:

«Я думаю, кубінскі народ пацерпіць ад такой палітыкі. У мяне трое дзяцей і ўнучка, і яны цяпер будуць пакутаваць, бо ўсё будзе вельмі дорага».

«Гэта велізарны крок назад у дачыненнях паміж Кубаю ды Злучанымі Штатамі. З юнацтва мы назіраем, што адбываецца. І я думаю, што гэта як вярнуцца да халоднай вайны».

«Мяне непакоіць тое, што турысты з ЗША да нас не будуць прыязджаць. Гэта не толькі пытанне грошай ураду, гэта пытанне дабрабыту людзей».

Пакуль жа Доналд Трамп мае намер «падпісаць больш выгадны гешэфт» з Кубаю, Маямі сустрэла новую палітыку Белага дому вулічнымі пратэстамі.

 

Наста Ільіна, «Белсат»; фота – REUTERS/Joe Skipper

Глядзі таксама
Каментары