Чарговую гаргару будуюць у цэнтры Менску


У цэнтры сталіцы, нягледзячы на шматлікія пратэсты менчукоў, распачалося будаўніцтва чарговага буйнога аб’екту. Гэтым разам гаворка ідзе пра Кастрычніцкую плошчу – самую вядомую плошчу Менску.

Ні сотні сабраных подпісаў менчукоў, ні звароты архітэктараў да ўладаў з просьбай спыніць будаўніцтва на Кастрычніцкай плошчы не далі плёну. На месцы былога музею Вялікай Айчынай вайны пачалося будаўніцтва гандлёвага цэнтру.

Будаваць яго дазволілі сербскай кампаніі «Белінтэ-Роба», якая ўваходзіць у «Дана Голдынг». Нягледзячы на тое, што пачаліся падрыхтоўчыя працы да заліўкі фундаменту, пашпарту аб’екта дагэтуль няма. Сам аб’ект агароджаны высокім плотам.

За савецкім часам Кастрычніцкая плошча, дзякуючы галоўнаму архітэктару Уладзіміру Каралю, была месцам, дзе было забароненае будаўніцтва. Аўтар помніка Перамогі, Галоўнага паштамту, Цэнтральнага тэлеграфу лічыў сваёй асноўнай заслугай тое, што ён захаваў Кастрычніцкую плошчу для нашчадкаў. Але напрыканцы 90-х спачатку краявід Верхняга гораду захіліў будынак Палацу рэспублікі, а потым від на Свіслач – офіс мабільнага аператара «Вэлком».

«А нам давядзецца з гэтым жыць. Яго пабудуюць, і будзе, як з домам Чыжа. Нават калі нешта зменіцца ў нашай краіне, то яго ж не знясуць, бо гэта вялікія грошы», – кажа жыхар Менску.

Прасілі сквер – атрымалі будоўлю пад вокнамі

Як так сталася, што будаўніцтва на месцы, дзе людзі прасілі зрабіць сквер, распачалося без грамадскага абмеркавання? Чаму будынак, які, на думку архітэктараў, будзе псаваць вобраз гораду, будуецца? Чаму ўлады не звярнулі ўвагі на пратэсты гараджанаў? На гэтыя пытанні грамадскасць не атрымала адказаў

«Гэта пытанне руціннай працы пракуратуры, кантрольных і наглядных органаў. Што адбываецца? Адбываецца парушэнне ўсёй існай нарматыўна-прававой базы, звязанай з абыходжаннем, нават не з аховай, а абыходжаннем з гістарычна-культурнымі каштоўнасцямі. Ёсць законы прамога дзеяння, як, напрыклад, закон аб захаванні гістарычна-культурнай спадчыны, які цяпер перазапакавалі ў кодэксы культуры і г. д. Але ўсё гэта злізана з нормаў ЮНЭСКО», – кажа архітэктар Уладзімір Папруга.

Разбурэнне гістарычнага вобліку сталіцы пачалося ў нулявыя з разбурэння Верхняга гораду. Менчукі памятаюць гучныя арышты кіраўнікоў будоўлі, але быў створаны прэцэдэнт, і цэнтр гораду пачаў губляць адзін будынак за другім.

«Увесь гэты бруд давядзецца разбіраць, рана ці позна. Гэта адбудзецца праз 20 гадоў, ці праз тры, ці праз 25 гадоў – не мае вялікага значэння. Гэта ўсё супярэчыць гэтай тэрыторыі. Гэта тысячагадовы горад, і той лапік зямлі, які яшчэ захаваўся там, – што можна зрабіць, і што трэба зрабіць? Тое, што абсалютна бясплатна, – аднаўленне планіровачнай структуры», – лічыць архітэктар.

Пакуль на будоўлю завозяць металічныя канструкцыі і пліты. Рабочыя кажуць, што не ведаюць, чаму няма пашпарту аб’екту. Спасылаюцца на тое, што нібыта змяніўся прараб і пашпарт перарабляюць. Але наяўнасць пашпарта на плоце наўрад ці каго цяпер супакоіць.

Любоў Лунёва, «Белсат»