Чаму вясковец учыніў смяротную страляніну супраць міліцыянтаў


Забойства ўчастковага міліцыянта ў Івацэвіцкім раёне магло здарыцца пасля канфлікту наконт браканьерства, якім нібыта займаўся прадстаўнік закону.

Журналісты «Белсату» даведаліся новыя падрабязнасці трагедыі ў вёсцы Бабровічы, што ў Івацэвіцкім раёне Берасцейскай вобласці. Паводле следства, у пятніцу жыхар Бабровічаў Сяргей Д. выстраліў у галаву ўчастковаму, а другога міліцыянта параніў у спіну. Потым зачыніўся ў хаце.

«Калі яго затрымлівалі, бачыў, як выводзілі. Я думаў, што яго заб’юць, але ён здаўся», – распавядае пляменнік затрыманага Сямён Дзячок.

Маёр Ігар Лукашэвіч памёр на месцы. Другі міліцыянт цяпер у Івацэвіцкім шпіталі, ён прыйшоў у прытомнасць. Афіцыйныя крыніца адразу падала супярэчлівую інфармацыю. Тэлеканал АНТ паведаміў, што стралок прасіў міліцыянтаў сысці, пагражаючы зброяй. А міліцэйская прэс-служба заявіла пра рэйд супраць незарэгістраванай зброі і раптоўны напад.

«Пры падыходзе да дому мясцовага жыхара, у якога, паводле інфармацыі праваахоўнікаў, магла мецца незарэгістраваная паляўнічая стрэльба, апошні раптоўна адкрыў агонь на паражэнне па міліцыянтах», – адзначылі ў прэс-службе МУС.

Сяргею Д. 57 гадоў, ён паляўнічы з 18-гадовым стажам, страляў з зарэгістраванай старой тульскай дубальтоўкі. Сваякі кажуць – закону не парушаў.

«Ружжо зарэгістраванае, усё як мае быць. Скрынка металічная ў кладоўцы, на скрынцы замок вісіць. Толькі ён дакранаўся гэтага ружжа», – кажа сястра затрыманага Ніна Гарбач.

Прычына трагедыі, кажуць у вёсцы, – у асабістым канфлікце.

«Суседка казала, што забіты міліцыянт рыбу лавіў сеткамі. А дзядзька бачыў у бінокль», – працягвае Сямён Дзячок.

Словы паляўнічага пра спрэчку на возеры суседка пераказвала аднавяскоўцам, пакуль з яе не ўзялі падпіску пра неразгалошанне.

«Як нам распавялі, што ўчастковы забіты са сваім сваяком паехалі на рыбалку на возера, рыбу лавіць на лодцы сеткамі. А сеткамі забаронена рыбу лавіць. Нават на вудачку лавіць і тое платна», – кажа Ніна Гарбач.

Пра асабісты канфлікт ведае і сваячка забітага міліцыянта Ігара Лукашэвіча.

«Калі ехалі, то сустрэлі ля возера вось гэтага самага. І яны размаўлялі, і ён Лукашэвічу пагражаў. Акт міліцыя састаўляла, ён расказваў», – кажа сваяка забітага спадарыня Фёкла.

Са словаў вяскоўцаў, паляўнічы казаў, што на возеры міліцыянт-браканьер, наадварот, пагражаў яму.

«Схапіў яго за рукі і кажа: ты такой, будзеш у мяне праз тры дні ў псіхушцы! Чакай, мы прыедзем. Прыехалі», – распавядае Ніна Горбач.

Следчы камітэт Берасцейскай вобласці распачаў крымінальную справу пра забойства асобы ў сувязі са службоваю дзейнасцю і пра замах на забойства дзвюх асобаў у сувязі са службоваю дзейнасцю. Калі суд прызнае затрыманага вінаватым – яму пагражае смяротнае пакаранне.

Яраслаў Сцешык, belsat.eu