Чаму Віялета Скварцова сышла з п’едэсталу?


Беларуская залатая медалістка ў патройных скачках Віялета Скварцова замест таго, каб цешыцца з перамогі на юніёрскім чэмпіянаце свету, сышла з п’едэсталу.

Рэзанансны канфуз здарыўся напярэдадні падчас узнагароджання сусветнага першынства ў італьянскім горадзе Грасэто. Арганізатары ўрачыстасці пераблыталі гімн, а 19-гадовая беларуская лёгкаатлетка Віялета Скварцова цягам некалькі секундаў зрабіла даволі нестандартную пастанову: пры першых гуках «няправільнага» гімну без парадаў з боку зборнай пакінула пастамент і адмовілася туды вяртацца нават пад пагрозаю магчымае дыскваліфікацыі.

«Рэакцыя розная спартоўцаў: хтосьці здымае ўжо апрануты медаль, хтосьці пачынае разводзіць рукамі і робіць розныя рухі, каб для арганізатараў было бачна, што штосьці пайшло не так», – кажа спартовы аглядальник Алесь Пуціла.

Пазней спартоўка патлумачыць, што любіць сваю краіну і для яе было непрымальна стаяць на пʼедэстале пад чужы гімн, таму яна дачакалася, калі ўздымуць дзяржаўны сцяг, ды зрабіла такі прынцыповы ўчынак.

Прэзідэнт Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Вадзім Дзевяткоўскі не хавае свайго захаплення ўчынкам беларускае спартоўкі. У сваім посце ў Фэйсбуку ён напісаў, што «гэта быў натуральны патрыятычны парыў, і, каб зразумець Віялету на 100 %, трэба быць прафесійным спартоўцам».

Таму абвінавачанні Віялеты ў піяры, якія з’яўляюцца ў сацыяльных сетках, не маюць пад сабою ніякае глебы, перакананы спартовы чыноўнік.

А як менчукі расцэньваюць учынак беларускае спартоўкі?

«Я лічу, што гэта было патрыятычна, здорава-маладзец»

«Я таксама сышоў бы з пʼедэстала. Гэта памылка арганізатар, але і ўдар на самалюбcтва спартоўца, ён стараўся, а тут такі ляп».

«Я, мабыць, не сышла, а проста выканала свой гімн».

«Я б таксама так зрабіў. Маладзец, правільна. Канешне, хай ведаюць Беларусь нашу. А то што гэта такое пераблыталі. А можа яны спецыяльна гэта зрабілі».

Але змовы супраць Беларусі не варта шукаць, супакойваюць адмыслоўцы, гэта была звычайная тэхнічная памылка.

«Гэта звычайная памылка арганізатараў, гэта не нейкая рэч, якая наўмысна зроблена для Беларусі ці для кагосьці іншага. Таму не трэба шмат даваць увагі гэтаму і пажадаць найлепшых поспехаў Віялеце ў спартовай карʼеры», – адзначыў Алесь Пуціла.

Байцоўскі дух Віялета Скварцова прадэманстравала не толькі на пʼедэстале, але і ў фінале спаборніцтваў: двойчы перапісала асабісты рэкорд, з вынікам 14 метраў 21 сантыметр у патройным скоку ўстанавіла найвышэйшае дасягненне сезону ў свеце для свайго ўзросту.

Відэа таго, як Віялета пакідае пʼедэстал, на Ютуб за содні набрала амаль мільён праглядаў.

 

Наста Ільіна, belsat.eu