Чаму ўся Расея абмяркоўвае вызваленне Ільдара Дадзіна?


Пракуратура Карэліі ўзнавіла правяранні ў справе катаванняў Ільдара Дадзіна ў калоніі. Расейскі вязень сумлення, пакараны за сваю пазіцыю, прайшоў праз беспрэцэдэнтны суд і здзекі турэмшчыкаў. І вось цяпер ён выходзіць на волю. Вярхоўны суд Расеі адмяніў вырак мужчыне, асуджанаму да двух з паловаю гадоў за адзіночныя пікеты.

Неадкладна вызваліць ды прызнаць права на рэабілітацыю і кампенсацыю

Гэтыя словы пачуў расейскі вязень сумлення Ільдар Дадзін, які адбывае два з паловаю гады пакарання ў Карэльскай калоніі. За падзеямі ў зале Вярхоўнага суда Расеі ён назіраў онлайн па відэасувязі.

«Я магу звязваць гэта толькі з міжнароднай актыўнасцю. Можа хтосьці прыгразіў увядзеннем новых санкцыяў за палітвязняў. У любым выпадку гэта адбылося не проста так. І не таму што ў нас такі цудоўны суд, бо калі б суд быў такі справядлівы, Ільдар бы ўвогуле не сядзеў», – мяркуе жонка палітвязня Анастасія Зотава.

Хадайніцтва аб вызваленні Дадзіна падала Генеральная пракуратура

Дзіўным выглядаюць і рашэнні Канстытуцыйнага суда, які раней заявіў, што прысуд законны, а сёлета ў студзені рэзка змяніў сваё меркаванне.

Ільдар Дадзін увайшоў у гісторыю расейскага правасуддзя як першая асоба, якую кінулі за краты з прычыны новага крымінальнага артыкулу «шматразовае парушэнне правілаў правядзення масавых акцыяў».

Масавымі акцыямі ўлады Расеі назвалі ў тым ліку і адзіночныя пікеты Ільдара Дадзіна супраць палітыкі Крамля ды дзеля падтрымання «Еўрамайдана», падчас якіх ён называў расейскую ўладу «хунтаю».

Пазалетась улады Расеі арыштавалі Дадзіна

Яму прысудзілі тры гады калоніі, пасля скарацілі тэрмін на паўгода. Паводле самога Ільдара Дадзіна, у калоніі яго рэгулярна збівалі ды незаконна змяшчалі ў штрафны ізалятар. Пра гэта ён пісаў жонцы ў лістах.

«Да мяне прыйшоў начальнік калоніі Косіеў з трыма супрацоўнікамі. Яны ўсе разам пачалі мяне збіваць. Усяго збівалі ў гэты дзень чатыры разы, па 10-12 чалавек адначасова, білі нагамі. Пасля трэцяга збіцця апусцілі маю галаву ва ўнітаз у камеры штрафнога ізалятару», – сведчыў у турэмным лісце спадар Дадзін.

Ці варта чакаць расейскай «лібералізацыі»?

Паводле экспертаў, нягледзячы на адмену выраку Ільдару Дадзіну, разлічваць на «адлігу» у Расеі неварта. Можна казаць толькі пра змену трэндаў: больш сталі караць не за пікеты, а за допісы ў інтэрнэце.

«Калі паглядзець на статыстыку: у 2015-м годзе пасадзілі 18 асобаў, траіх з іх прымусова выслалі ў псіхіятрычныя шпіталі. У 2016-м такіх стала ўжо 29 і плюс траіх яшчэ скіравалі ў псіхіятрычныя лякарні. І вось толькі пачатак 2017-га а мы маем ужо шматлікія падобныя справы», – тлумачыць палітычны аналітык Вольга Ірысава.

Не дарма на пачатку лютага праваабарончая арганізацыя «Агора» ахарактарызавала стан расейскага інтэрнэту за апошнія гады як пераход на «ваеннае становішча».

Юрый Салодкі «Белсат», фота: politonline.ru