Чаму сярод затрыманых па гучнай «справе медыкаў» няма былога міністра аховы здароўя?


Хабар у закупах, які прывёў да завышаных напалову ды нават удвая коштаў на лекі ды медычнае абсталяванне. Справы фігурантаў гучнага карупцыйнага скандалу ўжо цягам некалькіх тыдняў маюць перадаць у суд. Паводле старшыні КДБ Валерыя Вакульчыка, з 95 затрыманых пад вартаю застаюцца 20 чалавек: пераважна кіраўнікі медычных установаў і прадпрыемстваў. Сярод іх не будзе былога віцэ-прэм’ера і міністра аховы здароўя Беларусі Васіля Жарко. Прынамсі пакуль, сцвярджаюць у Камітэце дзяржаўнай бяспекі.

Сяргей Скрабец, былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў:

«Паколькі ўсе грашовыя патокі і дазволы зводзяцца да міністэрства, немагчыма, каб міністр, які адказвае і за закупы медыкаментаў, і за закупы медабсталявання, нічога не ведаў. Гэта смешна».

Намёкі на датычнасць Васіля Жарко да карупцыйных схемаў Аляксандр Лукашэнка выказваў падчас нарады ў Воршы. А ўжо ў верасні – асабіста з яго спытаў:

«Я вас, Жарко, папярэджваў. Паглядзіце, што адбываецца з коштаўтварэннем. У яго было на кантролі гэтае даручэнне. Вы мне даклалі бадзёра пасля, што ўсё ў нас у парадку. Чаму гэта адбылося? Я ж папярэджваў, што вы адказваеце за сістэму».

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, падчас затрыманняў, звязаных з карупцыяй у медыцыне, Васіля Жарко выклікалі на допыт. Цяпер жа ён не фігуруе ў справе нават у якасці сведкі. Віталь Цыганкоў, палітычны аглядальнік радыё «Свабода»:

«У медычных колах добра вядома, што Жарко даволі далёкі сваяк Пастаялкі – гэта былая міністарка аховы здароўя. А таксама яна больш вядомая як маці Ірыны Абельскай – асабістай доктаркі Лукашэнкі і маці ягонага малодшага сына Мікалая Лукашэнкі».

Апроч гэтых матываў, паводле Віталя Цыганкова, магла быць і не галосная дамова аб тым, што сілавое ведамства не можа распачынаць крымінальнае справы ў дачыненні прызначаных Лукашэнкам чыноўнікаў без ягонага асабістага дазволу. Мы запыталі ў менчукоў пра тое, чаму высокі чыноўнік не панёс адказнасці:

«Ну, напэўна, гэтая справа і ў найвышэйшых колах квітнее хутчэй за ўсё. Вось пакрылі яго проста. Хіба што так».

«Напэўна, была прычына, з якой яго не кранулі. Зацікаўленыя асобы яго не кранулі».

«Дах у КДБ у яго, і ўсе гэтыя працэсы. Гэта маё меркаванне, таму што гэта дзіўна, вядома. Калі так усё сур’ёзна, то кіраўнік самы галоўны і вінаваты. З яго мусіць пачынацца працэс і ўніз, а не наадварот».

Задачу правесці аналіз коштаў лекаў і разабрацца ў прычынах дарагоўлі Лукашэнка даручыў Мінздраву і КДБ і атрымаў шакавальны вынік у надзвычай зручны момант – неўзабаве пасля звароту звычайнай грамадзянкі, якая выказала незадаволенасць высокімі коштамі на лекі падчас сустрэчы з кіраўніком краіны ў Копысі. А таму, ці не нясе зноў барацьба з карупцыяй паказальнага характару? Сяргей Скрабец, былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў:

«Пакуль ёсць нязменная ўлада – карупцыя будзе толькі квітнець. Трэба з гэтага пачынаць, калі казаць пра барацьбу з карупцыяй».

Паводле эксперта, для таго, каб сістэма дзяржаўных закупаў стала празрыстай, трэба, каб рашэнне аб тым, хто перамог у тэндары, прымала незалежная асоба, а не той жа чыноўнік ад Міністэрства аховы здароўя.

Юлія Лабанава, belsat.eu