Чаму сустрэча Трампа і Пуціна нясе небяспеку


Доналд Трамп і Уладзімір Пуцін сустрэліся сёння на нейтральнай тэрыторыі, у сталіцы Фінляндыі, каб паразмаўляць сам-насам, без журналістаў і міністраў.

Спатканне доўжылася больш за 2 гадзіны, але што дакладна абмяркоўвалася, пакуль не агучана. Як праходзілі перамовы ў пашыраным складзе, і ў якой атмасферы адбыўся амерыканска-расейскі саміт – Яраслаў Сцешык.

Прызначаную на сёння сустрэчу ў Хельсінкі і сам Трамп, і ягоная адміністрацыя называлі тэхнічнай і звычайнай, каб змякчыць крытыку ўнутры ЗША. Затое расейскія медыі прадставілі спатканне прэзідэнтаў, як перамогу Пуціна. Маўляў, чарговы прарыў несправядлівай міжнароднай ізаляцыі, уведзенай пасля захопу Крыму.

У самой фінскай сталіцы Трампа і Пуціна сустрэлі вышэйшыя захады бяспекі ды розныя акцыі пратэсту – у асноўным супраць парушэння правоў чалавека кіраўніцтвам Расеі і ЗША. Былі і пра-трампаўскія пікеты, і аптымістычныя пра-украінскія дэманстранты.

«Мы перакананыя, што сённяшняя сустрэча ясна пакажа Пуціну, што ЗША не збіраюцца здымаць санкцыі, што ЗША павялічаць дапамогу ўкраінскім вайскоўцам, што ЗША будуць аб’ядноўваць НАТО для супрацьстаяння расейскай агрэсіі», – мяркуе ўдзельнік пікету ў Хельсінкі.

Пуцін, як звычайна, спазніўся, каб яго ўсе чакалі. Але, калі даехаў да палацу прэзідэнта Фінляндыі, ужо Трамп прымусіў Пуціна сядзець і чакаць.

«У нас працягваюцца пастаянныя кантакты, у мінулыя месяцы мы размаўлялі па тэлефоне некалькі разоў, і сустракаліся на пляцоўках розных мерапрыемстваў, але, канешне, прыйшоў час паразмаўляць грунтоўна аб нашых двухбаковых стасунках і аб балявых кропках у свеце, іх дастаткова шмат», – заявіў Уладзімір Пуцін.

Яшчэ перад вылетам у Фінляндыю прэзідэнт ЗША выказаўся, што ў кепскіх стасунках з Масквой вінаватая дурнаватая палітыка ягоных папярэднікаў. Пра гібрыдны напад Расеі на Украіну, ужыванне хімічнай зброі ў Сірыі і ў Еўропе Трамп не ўзгадваў, прынамсі, публічна.

«Я шмат гадоў казаў, што ладзіць з Расеяй – гэта добра, а не кепска. І, я мяркую, свет хоча бачыць, што мы жывем у згодзе. Мы – дзве вялікія ядравыя краіны, у нас 90 адсоткаў ядравай моцы, і гэта не добра, гэта кепска. І я спадзяюся, што мы зможам штосьці з гэтым зрабіць», – адзначаў Доналд Трамп.

Спатканне Пуціна і Трампа сам-насам выклікала занепакоенасць у свеце. А што калі яны патаемна дамовяцца пра штосьці, незалежна ад саюзнікаў і парламенту?

Прэзідэнт ЗША не можа ўзяць і адмяніць усе санкцыі супраць Расеі, уведзеныя за напад на Украіну, без дазволу Кангрэсу, лічыць палітычны эксперт у Вашынгтоне Валер Кавалеўскі. Але Трамп ужо дапамог Пуціну – і самой сустрэчай, і стварэннем негатыўнага фону вакол саміту.

«Тое, як Трамп адносіцца да саюзнікаў ЗША, з Еўразвязам, Канадай, блокам НАТО, тое, што ён называе Еўразвяз нядобразычліўцамі, тое, што ён гандлёвыя войны развязвае з еўрапейцамі – гэта вельмі і вельмі на руку Маскве», – заўважае журналіст і палітолаг з Вашынгтону Валер Кавалеўскі.

Перамовы ў пашыраным складзе – з удзелам кіраўніцтва Дзярждэпартаменту – таксама адбыліся пры зачыненых дзвярах. Усмешкі на тварах амерыканскіх чыноўнікаў былі крыху большыя, чым патрабуе дыпламатычны этыкет.

Але сапраўдныя вынікі саміту ЗША-Расея мы пабачым пазней, у Вашынгтоне, калі там узмацняць ці не санкцыі, і ў Маскве, калі там загадаюць сваім баевікам спыніць артабстрэлы ўкраінскіх пазіцыяў. Ці не загадаюць.

Яраслаў Сцешык, belsat.eu

Фотаздымак на застаўцы да відэа Valery Sharifulin/TASS/ Forum