Чаму Міндоўг не захаваў карону


6 ліпеня 1253 года – знакавая дата ў беларускай гісторыі. Менавіта ў гэты дзень першы Вялікі князь Літоўскі Міндоўг атрымаў карону ад Папы Рымскага. Гэтак пачыналася дзяржава, у якой быў канчаткова сфармаваны беларускі народ.

У Літве гэты дзень – дзяржаўнае свята, а Вялікае княства Літоўскае – падмурак нацыянальнай ідэнтычнасці сучасных літоўцаў. Таму шмат гісторыкаў працуюць над гэтым перыядам, вядзецца папулярызацыя ведаў.

«У агульных гэтых канцэпцыях нам самім яшчэ трэба шмат працаваць і шмат чаго зразумець у гісторыі сярэднявечнай Літвы. Бо мы цяпер на ўзроўні таго, што мы разумеем агульную гісторыю. Але мы вельмі дрэнна разумеем працэсы, якія адбываліся ўнутры», – кажа гісторык з Вільні Інга Баранаўскіене.

Паводле гісторыкаў, каранацыя Міндоўга – падзея для XIII стагоддзя вельмі значная. Але ў выніку Вялікае княства не стала каралеўствам і не захавала гэтага высокага статусу.

«Міндоўга не цікавіла гэтае месца ў іерархіі Заходняй Еўропы. Бо кароль у іерархіі Заходняй Еўропы быў толькі на трэцім месцы пасля Папы Рымскага ды імператара германскага. Міндоўг жыў у рэаліях гэтага рэгіёну – Усходняй Еўропы, усходнеславянскага свету. Для яго яшчэ і ментальна, і палітычна Заходняя Еўропа была далёка, таму ён гэтую карону не захаваў», – адзначае гісторык Алесь Краўцэвіч.

Гісторыкі не могуць дакладна назваць месца каранацыі, але, паводле найбольш верагоднай версіі, яна адбылася або ў Наваградку, або побач у Літоўцы – у рэзідэнцыі мясцовага каталіцкага біскупа, якога Міндоўг лічым сваім сябрам пасля прыняцца хрысціянства.

«Міндоўг і Наваградак – гэта два нераздзельныя паняткі. Дзякуючы Міндоўгу Наваградак стаў цэнтрам аб’яднання зямель, хоць самое аб’яднанне пачалося крыху пазней – не за часамі Міндоўга, а калі стаў княжыць ягоны сын Войшалк. І Міндоўг меў тут сваю рэзідэнцыю, таму Наваградак называюць сталіцаю ВКЛ», – заўважае стваральніца Наваградскага гістарычна-краязнаўчага музе Тамара Вяршыцкая.

Але ў горадзе, дзе пачыналася гісторыя ў свой час найбуйнейшай еўрапейскай дзяржавы, амаль нічога не нагадвае пра першага яе лідара. І поле для працы – агромністае. Бо ў першай сталіцы ВКЛ няма нават помніку Міндоўгу. А планаваная рэстаўрацыя Наваградскага замку пакуль больш вядомая скандаламі ды спрэчкамі адносна яе адпаведнасці гістарычнай праўдзе. У суседзяў тым часам гістарычныя аб’екты – бясспрэчная каштоўнасць.

«Адноўлены палац кіраўнікоў Вялікага княства Літоўскага сімвалізуе і ўяўляе гістарычную дзяржаўнасць Літвы, якая цесна звязаная з гісторыяй суседніх краінаў і ў першую чаргу Беларусі. Ён сімвалізуе агульную дзяржаўнасць і агульную спадчыну культуры», – кажа намесніца дырэктара Нацыянальнага музею Літвы Ёланта Карпавічыене.

І гэтай спадчынаю проста немагчыма не карыстацца. На меркаванне беларускіх адмыслоўцаў, варта не проста пераймаць літоўскі досвед, але і весці з суседзямі актыўную супрацу для стварэння супольных як гістарычных ды культурных, гэтак і турыстычных праектаў.

«Афіцыйная гісторыя павінная стварыць урэшце вось гэтую поўную карціну, якую ролю адыграла Вялікае княства Літоўскае, што гэта значыць для сённяшняй Беларусі. Бо любая гісторыя, любая сучаснасць будуецца на такім вось фундаменце», – працягвае Тамара Вяршыцкая.

І пэўныя зрухі ў гэтым кірунку ёсць. Паводле гісторыкаў, праект помніку Міндоўгу ў Наваградку ўжо гатовы і цяпер вырашаецца пытанне пра яго ўсталяванне, хоць гэтаму супраціўляецца… Расейская праваслаўная царква.

«Павінныя ў Наваградку быць яму помнік, у Наваградку ёсць гара Міндоўга. Наваградак павінен быць такім цэнтрам турыстычнай інфраструктуры. У першую чаргу – гэта заснавальнік беларускай і беларуска-літоўскай дзяржавы, якая скончыла фармаванне беларускага народу, і такім чынам ён павінны быць умантаваны ў гэтую сістэму», – мяркуе Алесь Краўцэвіч.

Але пакуль улады Беларусі хутчэй імкнуцца любым чынам трымацца за савецкую палітычную і культурную спадчыну, якую амаль прыватызавала Расея, замест таго, каб будаваць незалежную ідэалогію на найбагацейшым гістарычным падмурку. Джэдаі, як той казаў, лёгкіх шляхоў не шукаюць.

Зміцер Міцкевіч, belsat.eu

Фотаздымак на застаўцы да відэа vialejka.info