Чаму міліцыянты збіваюць пенсіянераў?


Пасярод дня закінулі ў аўта, зламалі нагу ды абклалі данінай на год. Гэта не хроніка дзеянняў бандыцкай групоўкі, а гісторыя затрымання міліцыяй беларускага пенсіянера. Падобны выпадак жорсткасці людзей у пагонах ужо далёка не першы.

«Я цяпер іх лічу не абаронцамі, а наадварот»

Іосіф Вышадка з вёскі Лазічы Глыбоцкага раёну ледзь стрымлівае слёзы, як распавядае сваю гісторыю. Летась у лютым, калі Іосіф ехаў на матаблоку ў суседнюю вёску па хлеб і лекі, яго спынілі міліцыянты на віцебскай машыне. Сказалі – блішчаць вочы, значыць п’яны, паедзеш з намі на экспертызу.

«Я кажу – навошта? Я быў сёння ў бальніцы, здаваў кроў і ўсё такое. Яны не сталі мяне слухаць, сталі запіхваць у машыну. Далі спачатку ў грудзі кулакамі», – узгадвае Іосіф Вышадка.

Ад удару Іосіф пабіўся галавой аб дзверы аўтамабіля.

«Ногі ж мае засталіся на вуліцы. Дзвярыма пачалі біць па нагах», – кажа пенсіянер.

У больніцы аказалася, што пенсіянер цвярозы

«Тры разы прадзімаў алкатэстар. Нічога не паказала. Сказалі, прайдзіся па дошачцы. Я прайшоўся. І на гэтым адпусцілі. Але напісалі паперку, сказалі: падпішыся. Я і падпісаў», – распавядае Іосіф.

Падпісаў, бо не бачыў без акуляраў. А паперка аказалася пратаколам, дзе пенсіянер прызнаваў, што нібыта ездзіў на другі бок ад Глыбокага ў піўнуху, напівацца.

«І цяпер у яго вылічваюць 78 рублёў штомесяц. І гэты год увесь будуць вылічваць», – кажа жонка Іосіфа Наталля.

Далі максімальна – 50 базавых, на сёння 1225 рублёў. Боль у назе не сціхаў. Як паказаў рэнтген, дзвярыма машыны міліцыянты зламалі пенсіянеру нагу. Іосіф Вышадка месяц прабыў у гіпсе.

«Я быў разам з ім у больніцы, сядзелі ў чарзе. Ён мне гэтую гісторыю распавёў, і мне стала балюча на душы і на сэрцы. І я вырашыў усім распавесці пра гэта, пра гэтых фашыстаў», – кажа сябра пацярпелага Данііл Ярмаковіч.

У глыбоцкай міліцыі Іосіфу Вышадку сказалі – гэта віцебскія прыязджалі, мы ім нічога зрабіць не можам. Таксама і адвакатка адгаварыла пенсіянера абскарджваць штраф, бо там усё дамоўлена і праўды не даб’ешся.

«Або кепска ідзе адбор на пасады працаўнікоў МУС, або яшчэ і выхаваўчая праца ідзе кепска, што міліцыянты мусяць быць ўзорам для грамадзянаў», – лічыць праваабаронца Павал Левінаў.

Агулам выпадкі міліцэйскага ґвалту адбываюцца па ўсёй Беларусі. У Слоніме міліцыянты затрымалі мужчыну і павезлі на алкагольную экспертызу – зламалі нагу. У Рагачове міліцыянты затрымалі мужчыну за адсутнасць флікера і пашпарта – у выніку зламалі рабрыну. У Хойніках затрымлівалі п’янага, а выпадковаму сведку, які падышоў заступіцца, сталі ламаць руку на вачах у дзяцей. У Віцебску міліцыянты прыехалі расследаваць крадзеж, а ў выніку ледзь не задушылі абкрадзенага, інваліда 2-й групы. Гэта ўсё за апошнія месяцы. Зусім свежыя выпадкі – у Берасці міліцыянты падлетку заламалі рукі і паставілі на калені, бо не меў пры сабе пашпарта. А ў Воршы брутальна затрымалі пенсіянера, які няправільна пераходзіў вуліцу.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»