Чаму медыі вядуцца на фэйкі, і як гэта ўплывае на кошт нафты


«Жудасная навіна! Памерла Святлана Алексіевіч. Дэталяў няма» – кароткі допіс у туітэр-акаўнце – нібыта новай міністаркі культуры і камунікацыі Францыі Франсуаз Нісэн за некалькі хвілінаў абляцеў увесь свет. Некаторыя выданні паспяшаліся змясціць інфармацыю на першых палосах. Толькі вось самая пісьменніца, якая цяпер наведвае з творчым візітам Паўднёвую Карэю, неўзабаве абвергла гэтыя чуткі.

Пазней аўтар гэтага ж туіта прызнаўся, што гэта жарт, а акаўнт стварыў італьянскі журналіст і прафесар гісторыі Тамаса Дэ Бэнэдэцці. Цягам шмат гадоў мужчыне ўдавалася публікаваць сфабрыкаваныя інтэрв’ю са знакамітасцямі ў розных газетах, а з 2011 года ён заняўся стварэннем фэйкавых профіляў вядомых асобаў і ад іхнага імя публікуе розныя непраўдзівыя навіны. Журналіст кажа, што хоча такім чынам паказаць лёгкасць, з якой можна дурыць медыі ў эпоху інтэрнэту.

Свет стаў такі хуткі, мы не паспяваем верыфікаваць інфармацыю

Бадай самым уплывовым фэйкам прафесара сталася інфармацыя пра смерць Башара аль Асада ў 2012 годзе, надрукаваная ад імя расейскага міністра ўнутраных справаў Уладзіміра Калакольцава. Тады сусветныя рынкі імгненна адрэагавалі на гэта ростам кошту нафты. Чаму сёння Дэ Бэнэдэцці выбраў героям свайго розыгрышу беларускую пісменніцу можна толькі здагадвацца

«Мае кніжкі зараз вельмі папулярныя ў Францыі і ў Італіі, можа гэта прычына», – мяркуе Святалана Алексіевіч.

Найбольшы распаўсюд фэйк атрымаў у расейскіх медыях

Адтуль інфармацыя перакінуўся і ў Беларусь. Медыяэксперт Аляксей Лявончык кажа, што для гэтага ёсць сур’ёзная прычына, якая, дарэчы, павінна шмат каго з нас занепакоіць.

«Што «Интэрфакс», што «РИА Новости» гэта не медыі, гэта прапагандысцкія рэсурсы і іх сістэма праверкі інфармацыі не крытычна для іх функцыянавання. У іх ёсць задача разганяць нейкую пэўную аджэнду. Інфармацыйная вайна супраць Беларусі, якая то палыхае то сціхае, супраць Украіны, супраць ЕЗ», – упэўнены спадар Лявончык.

Але ёсць і другая прычына, чаму расейскія СМІ з такім імпэтам адрэагавалі на прозвішча Алексіевіч. Беларуска актыўна і паслядоўна крытыкуе афіцыйную Маскву і дзеянняў крамлёўскіх лідараў. А ў краіне, дзе ўсе буйныя медыі падкантрольныя уладам, заўсёды палітычна-верна патанчыць на касцях сваіх непрыяцеляў.

Ігар Кулей, «Белсат», фота: Quique García Credit / EFE / Forum