Чаму Лукашэнку напужалі беспілотнікі НАТО?


На заходнім кірунку як адзінае цэлае. Гэтак Аляксандр Лукашэнка бачыць дзеянні беларускага і расейскага войскаў цяпер і ў будучыні. Ад гэтага, на думку, кіраўніка Беларусі, залежыць бяспека ўсіх краінаў-удзельніц АДКБ. Маўляў, часы трывожныя, а на заходніх межах саюзнай дзяржавы ўсё больш натаўскіх жаўнераў і тэхнікі.

Адказам на такі стан маюць стаць расейска-беларускія вучэнні «Захад 2017»

Кіраўнік краіны падчас сустрэчы з сакратарамі саветаў бяспекі краінаў-удзельніц АДКБ на папрокі адказаў закідамі ў бок суседзяў, які ўваходзяць у НАТО.

«Добра войска, але там месцяцца самыя сучасныя беспілотныя лятальныя апараты. Я, калі ўбачыў на здымках гэтыя беспілотнікі…, яны велізарныя, як сапраўдныя самалёты. Гэта ўдарныя беспілотнікі. Супраць каго?», – зазначыў Аляксандр Лукашэнка.

Афіцыйна галоўны акцэнт падчас вучэнняў будзе зроблены на задачы абароны Саюзнай дзяржавы. Аднак у траўні Міністэрства абароны Літвы паведаміла, што валодае звесткамі, паводле якіх падчас расейска-беларускіх вучэнняў, імаверна, будуць сімуляваць наступ на суседнія краіны-чальцы НАТО.

Такая перспектыва выклікала занепакоенасць на Захадзе

Там адкрыта кажуць: вучэнні могуць адмоўна паўплываць на бяспеку ў Еўропе, а таксама прывесці да правакацыяў. А ў Беларусі гучыць пытанне: ці сапраўднага ворага трэба шукаць на заходнім кірунку і чаму насамрэч НАТО вымушанае пашыраць прысутнасць у суседзяў Беларусі Балтыі ды Польшчы.

«Гэта было выклікана агрэсіўнай палітыкай Расеі ў дачыненні сваіх суседзяў, анексіяй Крыму і Данбаскай авантурай. На гэтым фоне перш за ўсё краіны Балтыі занепакоіліся пра сваю будучыню і запатрабавалі ад НАТО канкрэтных дзеянняў», – мяркуе палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў.

Некалькі дзён таму Аляксандр Лукашэнка паабяцаў, што вучэнні «Захад-2017» правядуць маштабна і сурʼёзна. Паводле раней агучаных звестак, у нашую краіну прыбудзе прыблізна 3000 расейскіх жаўнераў і 300 адзінак вайсковай тэхнікі.

Пад выглядам расейска-беларускіх вучэнняў можа адбыцца акупацыя.

«Калі прымаць нейкія апакаліптычныя версіі, то можна падумаць пра такі варыянт, што (умоўна) на момант вучэнняў у Беларусі пачнуцца масавыя сацыяльныя пратэсты, нейкія закалоты. Пад гэтым соусам, маўляў, расейскія войскі застануцца каб бараніць беларускае кіраўніцтва», – прагназуе імаверны сцэнар спадар Цыганкоў.

Беларуска-расейскія вучэнні «Захад 2017» пройдуць з14 да 20 верасня. Прасторавы размах вайсковай падзеі адназначна ўражвае – ад Кольскага паўвостраву да Беларусі. Закіды і крытыку «Захаду 2017» у Крамлі назвалі праяваю русафобіі.

Ян Бабіцкі, «Белсат», фота: Valery Sharifulin / TASS / Forum