Чаму ізраільцяне хочуць служыць у арміі, а беларусы – не?


І ў Ізраілі, і ў Беларусі ёсць абавязковая служба ў войску. Аднак стаўленне да службы ў дзвюх краінах – кардынальна рознае. Калі беларусы намагаюцца абмінуць армію, то ізраільцяне аддаюць доўг краіне з гонарам і задавальненнем. Справа толькі ў ваенным становішчы ці ў працы сістэмы?

Служба ў войску – у Ізраілі справа сапраўды ўсенародная. З 18 гадоў усе грамадзяне мусяць «аддаць доўг радзіме», як кажуць у нас. Мужчыны служаць тры гады, жанчыны – два. Рыхтаванне рэзервістаў працягваецца да сарака двух гадоў і залежыць ад вайсковай спецыяльнасці. Усяго ў Арміі абароны Ізраілю служаць 176,5 тысячаў чалавек – утрая больш, чым у Беларусі.

«Напрыклад, са мной у адной вайсковай частцы служыла дзяўчына, якая ў грамадзянскім жыцці – фотамадэль, якая мае вялікія кантракты. А ў войску яна робіць тое ж, што і ўсе дзяўчыны-жаўнеркі. А са мной у адной роце служыў хлопец, які ўваходзіць у алімпійскую зборную», – распавядае рэзервіст ізраільскай арміі Барыс Балтэ.

І калі ў Беларусі моладзь актыўна спрабуе ўцячы ад войска, у Ізраілі ўсё наадварот.

«У пяхотныя часткі ў Ізраілі фактычна існуе конкурс – ахвотных больш за аднаго чалавека на месца. Ёсць і значная колькасць вельмі прэстыжных месцаў службы, куды конкурс можа быць і 4, і 5 чалавек на месца», – кажа былы вайсковец арміі Ізраілю Максім Фрыд.

Тыя, хто прайшоў вайсковую службу ў Ізраілі, карыстаецца ільготамі ды бонусамі ад дзяржавы: аплата навучання ва ўніверсітэтах, курсы перакваліфікацыі, псіхалагічнае падтрыманне ды іншае. А плоцяць шарагоўцу тэрміновай службы каля двухсот долараў за месяц. Заробак лейтэнанта – каля тысячы двухсот долараў. Беларускім жаўнерам пра такое застаецца толькі марыць.

«Значна больш перспектыўна для маладога чалавека «адкасіць» ад войска, пайсці ў праграмісты і зарабляць у некалькі разоў больш, чым дасведчаны афіцэр з некалькімі гадамі службы. Таму сама праблема фінансавага забеспячэння арміі стаіць на адным з першых радкоў», – адзначае гісторык, вайсковы аглядальнік.

Аднак пытанне прэстыжу вайсковай справы не толькі ў фінансах, але яшчэ і ў ідэалогіі. Гэтак, Узброеныя сілы Беларусі афіцыйна адлічваюць сваё існаванне з 23 лютага 1918 года – стварэння Чырвонай Арміі. Тым самым адкідваецца практычна тысячагодняя гісторыя краіны, пачынаючы ад Полацкага княства. У Ізраілі да спадчыны ставяцца куды больш рупліва.

«Уся гісторыя, пачынаючы з біблейскіх часоў, ёсць часткай нашай вайсковай гісторыі. Нават знаходзяць месцы, на якіх адбываліся падзеі, што былі ў Бібліі, і тут будуюць новыя вайсковыя часткі», – кажа рэзервіст ізраільскай арміі Барыс Балтэ.

Паводле адмыслоўцаў, ізраільскае войска будуецца на духу братэрства і ўзаемападтрымання. Пра дзедаўшчыну ці нейкія іншыя нестатутныя стасункі не можа быць і гаворкі. Усе разумеюць, што войска – сапраўдны гарант існавання нацыянальнай ізраільскай дзяржавы, і без надзейнай абароны яна проста немагчымая.

«Наша Беларусь – гэта таксама такі Ізраіль, нацыянальны дом для беларусаў, у выніку страты якога мы зноў будзем лялькай у вайне любых рэжымаў паміж сабой, а наша тэрыторыя будзе выпаленым полем, як гэта было ў дваццатым стагоддзі», – кажа гісторык.

На меркаванне экспертаў, Беларусі варта пераймаць досвед Ізраілю ў абароне краіны, а таксама запрашаць да супрацы эмігрантаў з Беларусі, якія даслужыліся ў ізраільскім войску да высокіх рангаў. Аднак дзеля гэтага патрэбныя сістэмныя рэформы, якія закрануць не толькі войска, але і ўсё грамадства.

Зміцер Міцкевіч, Ганна Русінава, «Белсат»

Фота – REUTERS/Ammar Awad