Чаму дзяржава закопвае грошы ў зямлю, падтрымліваючы калгасы


Дзяржава ізноў падтрымае беларускія гаспадаркі. Згодна з указам Лукашэнкі, сельскагаспадарчыя прадпрыемствы атрымаюць з бюджэту практычна безадсоткавыя крэдыты, каб разлічыцца за тэхніку. Чым выкліканая гэткая захада? Ды колькі грошай Беларусь траціць на сельскую гаспадарку і з якой аддачай?

Каля ста тысяч долараў на кожны калгас. Прыблізна гэткую суму вылучаць сёлета сельскагаспадарчым прадпрыемствы звыш усіх астатніх, запланаваных раней субсідыяў і крэдытаў.

Як паведамляецца ва ўказе Лукашэнкі, 300 аграрных прадпрыемстваў атрымаюць агулам каля 30-ці мільёнаў долараў, каб расплаціцца за трактары, камбайны ды цяжкавікі, атрыманыя яшчэ ў 2015-м годзе. Паводле сённяшніх коштаў, гэтага хопіць, каб аплаціць прыблізна паўтары тысячы трактароў.

«Нашая сельская гаспадарка – стабільна стратная. Дзяржава вымушаная ісці на экстраардынарныя захады, каб палепшыць яе фінансавы стан», – кажа кіраўнік праекту «Кошт ураду» Уладзімір Кавалкін.

Адмыслоўцы тлумачаць: стан сельскагаспадарчых прадпрыемстваў робіцца штогод цяжэйшы, бо ўлады вымушаныя скарачаць субсідыі. Па-першае, паводле ўмоваў крэдытнай праграмы з Еўразійскім фондам стабілізацыі і развіцця, Беларусь абавязаная змяншаць дырэктыўнае крэдытаванне дзяржаўных прадпрыемстваў агулам, а значыць, у тым ліку і сельскіх. Па-другое, сельскагаспадарчыя субсідыі прыходзіцца зніжаць паводле дамовы аб Еўразійскім саюзе.

«Умовы ўступлення Беларусі ў Мытны саюз рэгламентавалі гэты працэс. Мы не можам не скарачаць», – адзначае рэдактарка выдання «Agrolive.by» Іна Гармель.

Што праўда, улады Беларусі сцвярджаюць, што дзякуючы інвестыцыям у перапрацоўванне мяса, малака ды лёну беларуская сельская гаспадарка ўжо і не мае такой патрэбы ў субсідыях, як раней.

Але адмыслоўцы адзначаюць, што высокія паказнікі рэнтабельнасці сельскагаспадарчых прадпрыемстваў нярэдка не ўлучаюць ільготаў і датацыяў дзяржавы. Як паведамляла раней «Рады’ Свабода», летась прыбытак у сельскай гаспадарцы склаў $ 384 млн, але на кампенсацыю праблемных даўгоў аграсектару дзяржава патраціла амаль удвая больш: $ 700 млн.

Адмыслоўцы падсумоўваюць: асноўная праблема беларускай сельскай гаспадаркі – адсутнасць прыватнай уласнасці на зямлю, а таксама непараўнальны перакос бюджэтнага падтрымання на карысць дзяржаўных сельскагаспадарчых комплексаў, якія, карыстаючыся ільготамі, адмаўляюцца саступаць зямлю фермерам. Між тым, паводле леташніх звестак, рэнтабельнасць прыватных фермерскіх гаспадарак перавышала дзяржаўныя ў 40 разоў.

Станіслаў Івашкевіч, belsat.eu

Фотаздымак на застаўцы да відэа Viktor Drachev/TASS/ Forum