Аб'ектыў 21.03.2018 Чаму Дзень Волі дазволілі, але пачалі хапун?


Сусветна вядомы паэт і пісьменнік, экс-кандыдат на прэзідэнта і былы палітвязень Уладзімір Някляеў – у ізалятары на сталічнай вуліцы Акрэсціна. Тамсама і лідар грамадзянскай кампаніі «Разам» Вячаслаў Сіўчык, і грамадзянскі актывіст Максім Вінярскі. Міліцыянты затрымлівалі іх на выхадзе з уласных дамоў, Вінярскага – калі актывіст пайшоў выгульваць сабаку.

Усе трое атрымалі адміністратыўны арышт ад 5 да 10 содняў за ўдзел у ранейшых грамадскіх акцыях і пікетах. Някляеў, Сіўчык і Вінярскі планавалі браць удзел у несанкцыянаваным шэсці 25-га сакавіка ад плошчы Якуба Коласа да Опернага тэатру. Адзін з арганізатараў шэсця – Мікола Статкевіч – да Дня Волі не збіраецца выходзіць з дому, каб таксама не быць затрыманым.

Раней менскія гарадскія ўлады далі дазвол

Але з умовай, што будзе толькі мітынг і канцэрт у гонар стагоддзя абвешчання Беларускай народнай рэспублікі – каля Опернага тэатру з 13-й гадзіны. Не дазволілі ніякага шэсця, нават ад скверу Янкі Купалы.

«Улады хочуць, каб святкаванне Дня Волі праходзіла па іх сцэнары. Яны гэты сцэнар акрэслілі, паставілі жорсткія рамкі: толькі мітынг і канцэрт, і больш нічога. І хочуць жорстка загнаць усіх людзей у гэтыя рамкі, гэтыя межы», – тлумачыць палітолаг Валер Карбалевіч.

Навошта арышты?

Яшчэ ўчора гэта патлумачыў Аляксандр Лукашэнка, наведваючы Беларускі дзяржаўны моладзевы тэатр. Маўляў, Захад пайшоў супраць Расеі, паўсюль вайна і пагрозы, і толькі Беларусь пад ягоным кіраўніцтвам – астравок стабільнасці.

«Таму часам і даводзіцца дзесьці жорстка трэба паступаць. Таму і не патрэбныя сёння дэманстрацыі, вулічныя шэсці. Не таму, што я іх баюся», – зазначыў кіраўнік Беларусі.

Абвешчанне Беларускай народнай рэспублікі, незалежнай ад Расеі, Лукашэнка чамусьці параўнаў з Галакостам і дзеяннямі гітлераўцаў у Беларусі.

Лукашэнка супраць святкавання стагоддзя БНР

Бо самая Беларуская народная рэспубліка супярэчыць і лукашэнкаўскай ідэалогіі, і палітыцы, і ягонаму прарасейскаму светапогляду.

«Ён не хоча, каб лічылі, што БНФ меў гістарычную рацыю, калі прапанаваў весці адлік дзяржаўнасці ад БНР. Другі момант: для яго нацыяналізм – штосьці кепскае, што стварае праблемы ў грамадстве», – мяркуе Карбалевіч.

Адным турма, іншых душаць рублём

Апроч арыштаў, забаронаў і правакацыяў, накіраваных на разлад у беларускім дэмакратычным руху, улады выкарыстоўваюць і іншыя метады, каб не дапусціць шырокага і спакойнага святкавання Дня Волі. Гэтак, у Віцебску грамадзянскія актывісты падалі заяўку на святочны мітынг. Ім дазволілі на ўскрайку ці ў парку Чыгуначнікаў, дзе людзей амаль няма. Але толькі пры ўмове аплаты паслугаў ЖКГ, хуткай дапамогі ды міліцыянтаў.

«Сумы, якія выставілі праваахоўнікі, камунальнікі і медыкі, аказаліся больш за 700 рублёў, што, натуральна, мы не можам пацягнуць», – падзяліўся старшыня БНФ у Віцебскай вобласці Канстанцін Смолікаў.

З гэтых грошай больш за Br 500 – менавіта на міліцыю, якая і так атрымлівае заробак з падаткаў грамадзянаў.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары