Чаму бітва пад Воршаю такая значная, што яе дагэтуль святкуюць?


Поўная здрада! – так пісалі бы перад бітвай у сацсеткі ваяры Вялікага Княства Літоўскага, калі б мелі інтэрнэт. Грошай на войска крытычна мала, жаўнеры голыя-босыя з бронікамі, каскамі і зброяй, прынесенай з дому, вельмі мала цяжкай кавалерыі – агулам 35 тысячаў ваяроў супраць 80-тысячнай маскоўскай групоўкі, добра экіпаванай, нахабнай і жорсткай.

«Войскі літоўскія і польскія з каралём да Масквы як быдла пугамі гнаць» – так абяцаў маскавітам камандуючы Іван Чаляднін. «Мужныя рыцары! Няхай доблесць і мужнасць вашы будуць вартыя слаўных бацькаў!..» – заклікаў ліцвінаў Канстанцін Астрожскі. Майстэрскі кіруючы войскам, ён зацягнуў маскавітаў у пастку. І разбіў.

«Кіраўнікі маскоўскага войска не столькі ваявалі з намі, колькі коса глядзелі адзін на другога. І пакуль білі аднаго, другі стаяў і радаваўся. Гэта адна з прычынаў, а другая – яны не чакалі, што мы маем новую зброю, цяжкія гарматы. І, дзякуючы гэтым гарматам, яны самі сябе і паціснулі, калі ўцякалі», – распавёў гісторык Алег Трусаў.

Малымі сіламі, пад бел-чырвона-белым штандарам…

Праваслаўны палкаводзец Канстанцін Астрожскі надоўга спыніў экспансію Масквы на Захад. Калі б не перамога пад Воршай, нас бы не было, як беларусаў, кажа гісторык Алег Трусаў.

«Бітва пад Воршай адыгрывае для нас такую ж ролю, як бітва пад Грунвальдам ці бітва пад Клецкам. Гэтыя тры бітвы захавалі нас, як нацыю», – упэўнены ён.

Перамогу пад Воршай нельга назваць выключна беларускай

«Да перамогі пад Воршай маюць адносіны гістарычныя традыцыі розных народаў: сённяшніх літоўцаў, украінцаў, беларусаў, палякаў. І ў прынцыпе гэта важна, бо гэта яднае наш рэгіён», – зазначыў палітолаг Алесь Лагвінец.

На афіцыйным узроўні бітву пад Воршай у незалежнай Беларусі ніколі не святкавалі. Толькі

25 гадоў таму на плошчы Незалежнасці ў Менску адбылася ўрачыстая вайсковая прысяга на вернасць радзіме. Ёсць памятныя манеты, ёсць ініцыятывы рэканструктараў, а свята няма.

«Мы ведаем пра выказванні шматлікіх крамлёўскіх аналітыкаў, што калі будзе святкавацца перамога пад Воршай, то Беларусь атрымае сусветныя кошты за нафту і за газ. Зразумела, што Беларусі давядзецца ў гэтым выпадку прайсці шлях адразання імперскай пупавіны, які прайшлі літоўцы, латышы, эстонцы, палякі. І, так ці інакш, гэта ўсё адно адбудзецца», – падсумаваў Лагвінец.

Прынамсі, у Беларусі магла б зʼявіцца не толькі сувораўская, але і астрожская вайсковая вучэльня. Незалежна ад палітыкі, Канстанцін Астрожскі зрабіў нечаканае – і перамог уменнем, а не колькасцю.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»