Аб'ектыў 18.07.2017 Чаму беларускія банкі раздаюць крэдыты направа і налева?


Небывалы дагэтуль рост крэдытавання назіраецца ў Беларусі, вынікае з дадзеных Нацбанку. У адным толькі траўні грамадзяне пазычылі ў банкаў амаль Br 140 млн. Гэта – амаль удвая больш, чым папярэдні месячны рэкорд.

Запазычанасць беларусаў па спажывецкіх крэдытах пераваліла ў траўні за адзнаку Br 2 млрд. – больш за $ 1 млрд. Адмыслоўцы даюць гэтаму тры тлумачэнні – недахоп сродкаў на жыццё, спекулятыўныя спадзевы на дэвальвацыю, а таксама дазвол банкам даваць крэдыты без даведак аб прыбытках.

Папярэдні ўсплёск крэдытавання назіраўся пазалетась

Але гэты рост быў, практычна, толькі спекулятыўны – людзі пазычалі, спадзеючыся, што дэвальвацыя ў разы зменшыць суму, якую трэба аддаваць.

Паколькі дзяржаўны сектар, які складае 70% ад эканомікі, не здольны прапанаваць акупальныя праекты, якія можна прафінансаваць, у банках мёртвым грузам ляжыць вялікая колькасць грошай. На мове фінансістаў гэта называецца залішняя ліквіднасць. У выніку стаўкі па спажывецкіх крэдытах апусціліся да найніжэйшага ўзроўню за апошнія 11 гадоў. У сярэднім, пазычыць грошай у банку фізічная асоба цяпер можа пад 13,7 %.

Уплыў на эканоміку станоўчы?

«Гэта па выніках першага паўгоддзя ўжо адбілася на раздробным таваразвароце, які, нарэшце, выйшаў у плюс, у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага году», – падкрэсліў эканаміст Леанід Фрыдкін.

Але, з другога боку, – спажывецкія крэдыты, якія выдаюцца ў рублях, у выпадку калі яны ідуць на імпартныя тавары, ствараюць ціск на курс нацыянальнай валюты. Пакуль гэты працэс балансуецца тым, што насельніцтва, для падтрымання жыццёвага стандарту, распрадае свае валютныя запасы, падтрымліваючы такім чынам курс рубля. Але запасы гэтыя паціху выцякаюць.

За першыя чатыры месяцы сёлета валютныя дэпазіты беларусаў зменшыліся больш, чым на $ 400 млн. Паводле Еўразійскага фонду, сальда продажу валюты насельніцтвам можа развярнуцца ўжо гэтай восенню.

Станіслаў Івашкевіч, «Белсат», фота: Viktor Drachev / TASS / Forum

Глядзі таксама
Каментары