Аб'ектыў 13.05.2018 Чаму беларускі хакей у глыбокім крызісе?


Зборная Беларусі па хакеі прагуляла вырашальны матч са зборнай Аўстрыі – ды ў найбліжэйшыя гады застанецца па-за элітаю сусветнага хакею. А між тым спорт – галоўная ідэалогія нашай дзяржавы, не раз падкрэсліваў кіраўнік Беларусі.

Шэсць матчаў ганьбы – і вылет з элітнага дывізіёну чэмпіянату свету. Такога хакейная дзяржава не памятае ажно з 2005-га.

Апошняе месца ў групе А, нуль пунктаў, 4 закінутыя і 29 прапушчаных шайбаў. На чэмпіянаце свету ў Даніі беларусы вялі ў ліку толькі аднойчы. А ўсё таму, што гулялі з найлепшымі, кажуць у Федэрацыі хакею.

«Нашая каманда зрабіла тое, на што была здольная. І нават крыху больш. Папракаць іх можна толькі ў тым, што яны не стварылі цуду», – заявілі ў Федэрацыі хакею Беларусі.

Спартовы канвеер у Беларусі сапраўды наладжаны: клюшкі вырабляюць зняволеныя, лядовыя палацы прастойваюць ледзь не ў кожным райцэнтры, а на спорт ідуць мільярды бюджэтных рублёў.

«А выніку няма. Дакладней, ён ёсць, але лепш яго не было», – кажа Лукашэнка.

За хакей у Беларусі адказвае былы кіраўнік Менскай вобласці, гаспадарнік Сямён Шапіра. Месяц таму ён казаў, што беларускі хакей на высокім узроўні. А ўжо сёння капітан зборнай Беларусі Аляксандр Паўловіч заявіў, што не ведае, як пасля чэмпіянату свету вяртацца дамоў ды глядзець людзям у вочы. Брамкар Віталь Трус баіцца, што іх наагул не пусцяць у краіну.

Жыхары Менску кажуць:

«Навошта ўкладаць у неліквідныя прадпрыемствы? Нашая зборная – неліквіднае прадпрыемства. Дайце заробак настаўнікам, дзеці – гэта нашая будучыня!».

«Тыя спартоўцы, якія гуляюць у хакей, не аддаюць таго ўнёску, які яны зарабляюць. Ведаюць, што і так заробяць».

«Адмыслоўцаў класных няма – сыходзяць. Ад гэтага і такі вынік».

І праблема – не толькі ў гэтым, кажуць эксперты. Прычынаў правалу – безліч: ад неэфектыўнага кіравання і да дзеянняў асобных гульцоў.

«Шапіра кіруе хакеем ці заўтра будзе кіраваць Шэйман, ведаеце, гэта нічога не зменіць. Наш хакей апусціўся да нізіны ды зраўняўся з зямлёю. А чаму? Бо гадамі выпрацоўваўся гэты непрафесіяналізм. Шукаліся такія хакеісты, як амерыканец Джэф Плат, які на гэтым чэмпіянаце свету згуляў увогуле асобна ад іншых», – кажа спартовы аглядальнік Аляксандр Пуціла.

І, як адзначаюць эксперты, калі ўвесь свет развіваецца ў спартовым плане, то Беларусь упарта стаіць на месцы. Тым не менш нашая зборная хутчэй за ўсё вернецца ў «эліту». Вось толькі не праз узровень гульні. Мы, разам з Латвіяй, прымем чэмпіянат свету па хакеі ў 21-ым, а таму і атрымаем права там выступіць.

Сцяпан Святлоў, «Белсат»

Фота – REUTERS/Grigory Dukor

Глядзі таксама
Каментары