Чаму баксёр, які ўдарыў міліцыянта, – палітвязень?


Тры гады калоніі агульнага рэжыму за тое, што бараніў мірных суграмадзянаў ад невядомых нападнікаў. Пры перапоўненай залі суддзя Маскоўскага раёну Менску Святлана Бандарэнка агучыла вырак у справе Святаслава Барановіча.

Інцыдэнт, за які пакаралі Барановіча, адбыўся яшчэ год таму ў Менску, калі мужчына Барановіч заступіўся за ўдзельнікаў «Маршу недармаедаў», якіх збівалі гэтак званыя «ціхары». Аднаго з пераапранутых у цывільнае міліцыянтаў – Арцёма Паўлава – і ўдарыў Святаслаў. Між тым на суддзю не паўплывала нават тое, што сам «ціхар» да падсуднага не меў аніякіх прэтэнзіяў, а апошні прызнаў сябе вінаватым.

Што ж да праваабаронцаў, то адзінага меркавання адносна сённяшняга выраку няма. Гэтак, Цэнтр «Вясна» і Беларускі Хельсінскі камітэт ужо заявілі, што не прызнаюць Барановіча палітзняволеным, бо правапарушэнне, здзейсненае апошнім мела гвалтоўны характар. А вось удзельнікі форуму «Свабоду палітвязням» заявілі, што адназначна прызнаюць асуджанага палітычным зняволеным. Група праваабаронцаў збіраецца скіраваць ліст у Парламенцкую асамблею Рады Еўропы з заклікам разгледзець справу Барановіча і таксама прызнаць яго палітвязнем.

Дык што ж рабіць, калі Вы бачыце, як невядомыя нападнікі збіваюць мірных людзей? Дзейнічаць паводле закону і сумлення, то бок паспрабаваць абараніць ахвяраў – і атрымаць за гэта тры гады калоніі, бо нападнікі ў цывільным – гэта пераапранутыя міліцыянты? Альбо абыякава прайсці міма, бо нікому ж у турму не хочацца?

Валер Руселік, «Белсат»