Чаму аўтарынак у Асаўцах прыйшоў у заняпад?


Яшчэ 3 гады таму аўтарынак ля вёскі Асаўцы, што каля Гомля, быў поўны аўтамабіляў і запчастак. На выходныя сюды прыязджала тысяча аўтаў, цяпер добра, калі 30 – 50 прыедзе. Аўтарынак у заняпадзе.

«3 гады таму прыганяў сваю машыну. А 8 раніцы ўжо не было месца, машына стаяла на праходзе. Некалькі дзён і прадаў», – кажа наведнік аўтарынку Павел.

У некалькі разоў скарацілася колькасць прадпрымальнікаў, большая частка гандлёвых месцаў закрытая, той, хто застаўся ў Асаўцах, пераважна распрадае рэшту тавару.

«Тавараабароту няма, мы яго ўжо не закупаем, а прадаем тое што засталося», – тлумачыць гандлярка Ларыса.

Хтосьці наракае на канкурэнтаў – буйны аўтарынак месціцца ў Ждановічах каля Менску дый у паўмільённым Гомлі два рынкі, дзе можна набыць аўтазапчасткі, а да Асаўцоў яшчэ паспрабуй дабрацца.

«Асноўная праблема – людзі не хочуць сюды ехаць, бо не магчыма дабрацца на грамадскім транспарце», – распавядае прадпрымальнік Сяргей.

І сапраўды, у вёску Асаўцы ні гарадскім аўтобусам, ні маршруткаю не даехаць, хіба толькі ўласным аўтам. Ёсць і яшчэ адная праблема: апошнім часам аўтамабіль можна лёгка набыць у інтэрнэт-крамах.

«Усе зараз набываюць праз інтэрнэт. Гэта прасцей. А што тут за выбар? Гэта не выбар», – кажа пакупнік.

Але адміністрацыя рынку ў Асаўцах не здаецца і працягвае змагацца за пакупніка: паставіла ўказальнік ля дарогі, павесіла дадатковую рэкламу, знізіла кошты за месцы продажу.

«Спрабуем праводзіць працу па прыцягненню людзей. Ствараем умовы для прадаўца. Было зніжэнне коштаў. Мы рухаемся, адміністрацыя не сядзіць на месцы», – распавяде адміністратар рынку Юрый.

Але ці хопіць такіх захадаў? Калі ў людзей папросту няма грошай, каб набываць аўтамабілі.

Наведнікі рынку кажуць:

«Адзіныя ўбыткі: дарога дорага, страхоўка дорага. 5 разоў на год выкарыстоўваем аўтамабіль, вельмі накладна».

«Прыбытак у людзей паменшыўся, адпаведна няма за што аўто набываць. Машыны не прадаюцца, запчасткі адпаведна. Вось вам і заняпад».

«Проста не хапае грошай на жыццё, прыходзіцца прадаваць машыну. Набыць танней. І згладзіць жыццёвую сітуацыю».

І таму ў шмат каго жалезны конь стаіць у гаражы ды ў найлепшым выпадку дачакаецца рамонту або пойдзе на тыя ж запчасткі, бо заправіць, застрахаваць машыну і аплаціць дарогу – для некаторых ужо раскоша.

 

Наста Ільіна, belsat.eu