Аб'ектыў 22.01.2018 Чаму арганізатарам Еўрапейскіх гульняў усё роўна на правы чалавека ў Беларусі?


Трэба ісці туды, куды вас запрашаюць, а не займацца ідэямі падтрымання правоў чалавека. Гэтак у інтэрв’ю радыё «Дойчляндфунк» выказаўся прэзідэнт Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў Янэз Кацыянчыч, каментуючы сітуацыю з правядзеннем Другіх Еўрапейскіх гульняў у нашай краіне.

«Спартовыя арганізацыі ніколі не былі абаронцамі правоў чалавека ва ўсім свеце, так што нічога дзіўнага ў гэтым няма. Мы ўжо бачылі ранейшыя рэакцыі і Міжнароднага алімпійскага камітэту, і ФІФА: сёння гэта хутчэй бізнес-структуры, таму яны не зацікаўленыя, каб браць гэтыя чыннікі пад увагу», – мяркуе журналіст Аляксандр Старыкевіч.

Спорт заўсёды быў палітызаваны

А таму не бяруць чыноўнікі пад увагу і апошнюю справаздачу «Human Rights Watch», у якой адзначаецца, што сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі за апошні год значна пагоршыліся.

Што ж да прапановы не змешваць спорт і палітыку, то яны гучалі і раней: напрыклад, напярэдадні чэмпіянату свету па хакеі – 2014 ад прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі гэтага віду спорту Рэнэ Фазэля.

«Спорт даўно не па-за палітыкай. Наагул, наўрад ці ён калісьці быў за палітыкай, калі толькі не браць зусім старадаўнія часы»,– даводзіць спадар Старыкевіч.

Адметна, што для правядзення Першых Еўрапейскіх гульняў спартовыя функцыянеры абралі Азербайджан. І гэта – нягледзячы на тое, што праваабаронцы неаднаразова абвінавачвалі прэзідэнта Ільхама Аліева ў здушэнні асноўных свабодаў сваіх суграмадзянаў.

І хоць да Гульняў яшчэ больш за год, спартовыя чыноўнікі ўжо напоўніцу нахвальваюць Беларусь, заплюшчваючы вочы на разгон мірных дэманстрацыяў, арышты і буйныя штрафы прадстаўнікам грамадскай супольнасці ды журналістам. Гэтак, галоўны эксперт Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў Асімакіс Асімакопулёс падчас свайго візіту ў Беларусь заявіў, што гульні – добры шанец паказаць нашую краіну ўсяму свету. Што праўда, з якога боку яе пабачаць замежнікі, уплываць на гэта будуць далёка не адныя Гульні.

Віталь Бабін, «Белсат», фота: Viktor Drachev / TASS / Forum

Глядзі таксама
Каментары