Чалавеку стала дрэнна, але суддзя адмовіўся выклікаць хуткую


Не выслухалі сведак, не выклікалі дактароў. Учорашні суд закончыўся для праваабаронцы Алега Волчака не толькі новым пакараннем, але і візітам у шпіталь. Падчас паседжання Алегу Волчаку стала дрэнна, але суддзя Яўген Пісарэвіч не звярнуў на гэта ніякай увагі.

Хуткую прыйшлося выклікаць прысутнаму ў зале Андрэю Бандарэнку

Артыкул 2 і 5 Кодэксу аб адміністратыўных правапарушэннях выразна сцвярджае: гэтага паседжання працягваць было нельга, бо існуе пагроза жыццю і здароўю аднаго з удзельнікаў працэсу. Дзеянні суддзі кваліфікуюцца як катаванні, жорсткае і бесчалавечнае абыходжанне», – зазначыў праваабаронца Андрэй Бандарэнка.

Гэта быў трэці суд над Волчакам за ўдзел у Маршы абураных беларусаў

Пастановы мінулых былі скасаваныя ў сувязі са шматлікімі парушэннямі, але на ўчорашнім паседжанні парушэнняў было яшчэ больш. Суддзя настолькі спяшаўся завершыць справу, што нават не дазволіў выступіць сведкам ад абароны, а ўсе хадайніцтвы Алега Волчака адхіліў.

«Пытанне здымаецца, пытанне здымаецца. Тады я кажу, дык можа мне наагул устаць і пайсці? У нас што тут, двойка, тройка? Не! Адзінка называецца суд, мы нават пераплюнулі 37-ы год!», – падкрэсліў абураны спадар Волчак.

Суддзя спяшаўся нездарма

Ужо сёння ў Менску распачаўся зʼезд Парламенцкай асамблеі АБСЕ. На думку Алега Волчака, Яўген Пісарэвіч атрымаў загад зверху: закрыць гэтую палітычную справу да канца дня. Пра гэта сведчыць таксама і частыя выхады суддзі ў «дарадчы пакой».

Гэта далёка не першы раз, калі затрыманні і судовыя паседжанні даводзілі да сурʼёзных праблемаў са здароўем. Гэтак, сёлета ў сакавіку з суда ў больніцу забралі палітыка Алеся Лагвінца, у якога дыягназавалі страсанне мазгоў. Цягам вясны ў выніку судоў і арыштаў паэт Уладзімір Някляеў перажыў ажно чатыры гіпертанічныя крызы, а хуткую дапамогу яму выклікалі праз раз.

Як толькі Волчака адвезлі ў шпіталь з гіпертанічным крызам, суд працягнуўся

Абвінавачанне цвердзіць, што юрыст выкрыкваў лозунг «Жыве Беларусь», чым выказваў сваю нязгоду з падатковаю палітыкай. У выніку замест двойчы адмененых 13 содняў суддзя Яўген Пісарэвіч пакараў праваабаронцу штрафам на Br 575.

Вітаўт Сіўчык, «Белсат»