Чаго дасягнуў «Белсат» за 10 гадоў


Лічаныя тыдні засталіся да першага юбілею нашага тэлеканалу. Амаль дзесяць гадоў таму мы выйшлі з першым, тады яшчэ толькі 3-хвілінным выданнем навінаў.

Нашыя калегі ў Беларусі не сталі чакаць афіцыйнае гадавіны і пад акампанемент культавых беларускіх гуртоў загадзя адзначылі дзясятую гадавіну працы адзінага незалежнага беларускамоўнага тэлеканалу.

«Вітаю шаноўнае спадарства, у эфіры тэлеканалу Белсат «Аб’ектыў», у студыі працуе Алесь Залеўскі. І так мы будзем уваходзіць да вас кожны вечар і кожны дзень», – гэтымі словамі ўсё пачалося.

І цягнецца ўжо амаль дзесяць гадоў. Мы пачыналі з 3-хвіліннага інфармацыйнага выдання, якое цяпер абрасло некалькімі гадзінамі жывога эфіру з публіцыстычнымі ды забаўляльнымі праграмамі. За гэтыя гады галоўная мэта тэлеканалу не змянілася.

«Мы функцыянуем дзеля таго, каб мець магчымасць працаваць у Беларусі і гэта – нашая мэта. Калі яна будзе рэалізаваная – мы не ведаем, ці будзе тое праз год, праз пяць, ці праз дзесяць год – але для гэтага мы працуем, ствараючы кадры новага беларускага тэлебачання, і менавіта таму мы надаем па-беларуску», – кажа дырэктарка тэлеканалу Агнешка Рамашэўскай-Гузы.

На вялікі жаль, не змянілася і галоўная праблема функцыянавання «Белсату» у Беларусі. Толькі сёлета журналістаў, якія супрацоўнічаюць з нашым тэлеканалам, 55 разоў судзілі за нібыта незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі медыяў, а сума штрафаў дасягнула больш як 42 тыс. рублёў. Гэтага хапіла б амаль на пяць гадавых акладаў шараговага міліцыянта.

«Львіную долю гэтага пераследу панеслі журналісты вашага тэлеканалу. Чаму пераследуюць белсатаўцаў? Таму што «Белсат» – гэта, пэўна, самая незалежная рэдакцыя адзінага беларускага незалежнага тэлеканалу. Гэта магчымасць таксама ўвечары ўключыць тэлевізар і пабачыць карціну дня такой, якой яна была сапраўды», – адзначае прэс-сакратар ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» Барыс Гарэцкі.

Ёсць і іншыя, куды больш прыемныя для нас лічбы. Узровень даверу гледачоў да «Белсату». Апошнія даследаванні аўдыторыі перараслі самыя смелыя нашыя чаканні.

«Адна траціна беларусаў ведае, што такое «Белсат», а з іх траціна глядзіць «Белсат» – ці то праз інтэрнэт, ці то праз тэлевізар. А палова з апошніх глядзіць нас часцей, чымся раз на тыдзень. То бок «Белсат» стаўся крыніцаю інфармацыі. Мушу прызнацца, што гэтае даследаванне мяне вельмі ўсцешыла – гэта азначае, што мы працуем не для сябе, а для нашых гледачоў», – заўважае Агнешка Рамашэўская-Гузы.

А таму – ёсць што святкаваць. «Белсат» – гэта не толькі навіны і публіцыстыка. Фільмы і мультфільмы, ток-шоу і забаўляльныя праграмы – з нядаўняга часу з дадаткам расейскамоўнага кантэнту для больш шырокай аўдыторыі, але перадусім па-беларуску для беларускага гледача. Апроч таго, калі вы прапусцілі сённяшняе выданне праграмы «Belsat Music LIVE», дзе архаічныя спевы абʼядналіся з сучаснаю электроннаю музыкай у выкананні гурту «Shuma» – яго хутка можна будзе знайсці на нашай старонцы belsat.eu.

Вось што кажа вядоўца музычнай праграмы Сяргей Будкін:

«Мы паказваем усю разнастайнасць беларускае і не толькі музыкі. Стыль і мова выканання ў дадзеным праекце абсалютна не істотныя. Важна, каб гэта была цікавая асоба і каб гэта было музычна прыгожа, нават, калі гэта панк. Я абяцаю, што мы будзем здзіўляць, нават у бліжэйшыя выданні».

Хоць калегі пачалі святкаваць ужо ўчора, знічкі на юбілейным торце задзьмем толькі 10 снежня ў Сусветны дзень правоў чалавека. Першая дэкада нашае працы мінае, але наперадзе яшчэ не адная. Заставайцеся з «Белсатам» і надалей.

Усевалад Шлыкаў, belsat.eu