Чаго чакаць ад «Чарнобыльскага шляху» 2017?


Пасля брутальнага адказу на святкаванне Дня Волі ў Менску чаканні ад наступнай традыцыйнай акцыі – «Чарнобыльскага шляху» – асцярожныя.

«Пасля 25-га настрой дрэнны, але жыццё працягваецца».

«Чарнобыльскі шлях – проста як напамін, але ні ў якім разе не абвастрэнне і так напружанай палітычнай сітуацыі».

«Каб паказаць салідарнасць, напэўна, трэба ісці».

– кажуць жыхары Менску. Пры гэтым, апытаныя намі гатовыя толькі на санкцыянаванае шэсце.

Дазвол спрабуе атрымаць аргкамітэт «Чарнобыльскага шляху»

Сёлета арганізатары шэсця пастанавілі павесці ўдзельнікаў цалкам новым маршрутам. Ад Опернага тэатру – да Чарнобыльскай капліцы, непадалёк плошчы Бангалор. Палітыкі вырашылі збіраць подпісы грамадзянаў, каб гарвыканкам дазволіў менавіта гэты план акцыі. Паводле сустаршыні БХД, гэтая захада патрэбная, каб перадухіліць правакацыі з боку ўладаў, як гэта сталася на Дзень Волі.

Віталь Рымашэўскі мяркуе, што паўтарэння сцэнару Дня Волі не будзе. Але падкрэсліў, што пасыл акцыі будзе заставацца сацыяльна і палітычна востры.

«Лозунгі, якія вылучаем на Чарнобыльскі шлях, гэта спыніць сацыяльны, экалагічны і палітычны Чарнобыль у Беларусі», – падкрэслівае спадар Рымашэўскі.

Рэгіёны таксама выйдуць на пратэст?

Не знікла рэгіянальная актыўнасць, якая асабліва ўразіла ў гэтую пратэставую вясну. У Горадні, дзе раней упершыню за 15 гадоў улады дазволілі мітынг на Дзень Волі, у гадавіну Чарнобыльскай катастрофы падалі заяўкі на масавыя сходы грамадзянаў адразу ў трох месцах гораду – у двух розных парках і ў памяшканні гарвыканкаму.

Таццяна Рэут, «Белсат»